Іскуі АБАЛЯН: “Школа выхавала пачуццё ўпэўненасці”

- 11:44Моя школа

Нашу сённяшнюю госцю музычныя крытыкі называюць інтэрнацыянальнай спявачкай. Яна нарадзілася ў Кіргізіі, закончыла школу і музычнае вучылішча ў Смаленску, кансерваторыю — у Мінску. З яе вуснаў можна пачуць рускую, беларускую, армянскую, італьянскую, французскую, англійскую мовы… У праекце “Мая школа” — актывістка, камсамолка і проста прыгажуня Іскуі Абалян.

— Усе мы вучыліся ў школе, але школа — гэта не толькі класныя пакоі і калідоры, гэта тое асяроддзе, дзе мы набіраемся жыццёвага вопыту…
— Вучылася я ў звычайнай савецкай школе — школе № 2 горада Смаленска. Яна нічым не адрознівалася ад мноства тагачасных школ, хіба што была найбліжэйшай да майго дома. І калі ўрокі пачыналіся ў 8.20, то з дому я выходзіла ў 8.15. Мая раніца пачыналася з “Пионерской зорьки” (памятаеце, была калісьці такая радыёпраграма). Калі я прыходзіла дадому, таксама па радыё слухала цудоўныя літаратурныя пастаноўкі, у якіх прымаў удзел Усевалад Абдулаў. Я іх проста абажала.

— Ці паўплывала гэта потым на адносіны да літаратуры?
— Так склалася, што да самога працэсу чытання я стаўлюся вельмі трапятліва. Я чытаю доўга: павольна, удумліва, па ролях, прапускаючы праз сябе кожнае слова. Вядома, можна чытаць і па дыяганалі, але гэта не пра мяне. Мне патрэбна цішыня, калі ніхто не перашкаджае. Безумоўна, ёсць шэраг кніг, якія я чытала ў цішыні і ў тым стане, калі ад гэтага можна было атрымліваць сапраўдную асалоду, — калі ты нікуды не спяшаешся і табе ніхто не перашкаджае.
Тыя радыйныя пастаноўкі давалі мне магчымасць дакрануцца да літаратурнага матэрыялу, не адчуваючы, што ў мяне нешта аднімаюць: я магла абедаць ці збірацца ў музычную школу і ў гэты ж час слухаць голас Усевалада Абдулава.

— Калі б была магчымасць, ці слухалі б вы зараз такія пастаноўкі?
— Зараз так многа інфармацыі і… Я нават не ведаю, чаму я пра гэта ўспомніла. Для мяне гэта такі ўспамін… Так, слухала б, каб зараз былі такія галасы, як ва Усевалада Абдулава.
Медыйны кантэнт, які зараз існуе, настолькі засмечвае мозг разнастайнай забаўляльнай, палітычнай, жоўтай, яшчэ якой іншай інфармацыяй, што ў пэўны час пачынаеш асэнсоўваць, што яе значная частка табе не патрэбна. І тады выбіраешь для сябе нешта галоўнае.

— І які інфармацыйны канал вы сабе выбіраеце з гэтага мноства? Да ўспрыняцця якой інфармацыі вы адкрыты?
— Шчыра скажу, усё залежыць ад настрою. Калі я займаюся хатнімі справамі, мне дастаткова ўключыць “БелМузТБ” або “MTV” — там ідзе фонавая музыка з забаўляльнымі і пазнавальнымі праграмамі. Часам з дачкой мы любім глядзець канал “Discovery”, праграмы пра жывёл, асабліва пра іх узаемаадносіны, сямейнасць, напрыклад пра жыццё львіных прайдаў. Таксама часам захапляемся гістарычнымі праграмамі, даведваемся пра нейкія цікавыя невядомыя нам дагэтуль факты. А бывае, што проста ўключаем DVD з якім-небудзь цікавым мастацкім фільмам.

— Ваша дачка Ксенія нечым падобная да вас у дзяцінстве? У чым гэта праяўляецца?
— Вельмі часта я злуюся, гледзячы на дачку, бачу, што яе час хутка прабягае. І разумею, што недзе гэта вельмі падобна да мяне. Зразумела, у нас у дзяцінстве было значна больш вольнага часу. Найперш, на маю думку, школьная праграма была тады прасцей. Нам было камфортней, чым сённяшнім дзецям, вучыцца ў школе: не было гэтых выкрутасаў у заданнях і спосабах іх рашэння. Сёння, мне здаецца, нават самыя простыя ісціны, напрыклад у матэматыцы, выкладзены надзвычай складана: з Мінска ў Маскву праз Ханой. Ксенія вучыцца ў гімназіі, і на асваенне праграмы яна затрачвае вельмі многа часу. І я нават не ведаю, як яе арганізаваць. Яна мая копія ў складзе мыслення: на 100% гуманітарый.
Напрыклад, мы можам рашаць якую-небудзь задачу, а яна раптам можа падхапіцца і пачаць расказваць, якія рухі яна прыдумала для чарговага танца ў школьнай самадзейнасці. Пагляжу на яе — і яшчэ раз упэўніваюся, што яна “на сваёй хвалі”. Але ўвогуле яна вельмі добрае дзіця, удзячнае і чалавечнае. І я вельмі спадзяюся, што з яе вырасце добры чалавек з вялікімі магчымасцямі. Мне здаецца, яна будзе вельмі добрым сябрам.

iskui_detstvo (10)(сайт)— Якія сямейныя традыцыі выхавання вы зараз як маці выкарыстоўваеце? Можа, у вашых бацькоў быў асаблівы сакрэт выхавання таленавітага чалавека?
— Мая маці Святлана Ародзьеўна — медык, бацька Мірык Агалумавіч — архітэктар. Яны не маюць ніякага дачынення да музычнай творчасці. Я і мая сястра Асмік былі амаль цалкам прадастаўлены самі сабе, і ў нас не было такога жорсткага кантролю з боку бацькоў. І так, як я кантралюю сёння сваю дачку, нас не кантралявалі. Не скажу, што выхоўваем яе вельмі строга, але калі выпусціць яе з рук… Мы нават неяк ставілі эксперымент, калі я ёй пэўны час не нагадвала, што трэба зрабіць, а потым адзначала, што і дзе яна не дарабіла ці ўпусціла. На што атрымлівала адказ: “Ну ты ж мне гэтага не казала…”. Потым мы прынялі рашэнне, што яна сама ставіць сабе будзільнік, сама снедае, сама, без напаміну, чысціць зубы і г.д. І калі Ксенія столькі разоў пачула слова “сама”, яна ўсклікнула: “Ой, мамачка, давай абыдземся без гэтага, давай лепш ты мне будзеш нагадваць”. На тым эксперымент і скончыўся.
У маім дзяцінстве такога не было. Да нас заходзілі ў пакой, будзілі, і мы далей самі цудоўна ведалі, што нам да выхаду ў школу трэба зрабіць: апаласнуць твар халоднай вадой, каб канчаткова прачнуцца, паснедаць, пачысціць зубы… Ну не трымаюцца ў галаве ў майго дзіцяці гэтыя дробязі!

— Ці часта ваша сям’я збіраецца разам?
— Мы стараемся. І мне б вельмі хацелася, каб нейкая сямейнасць у плане агульных абедаў і вячэр захоўвалася. У будні гэта досыць цяжка здзейсніць: школа, работа, мае ад’езды і рэпетыцыі… А што тычыцца выхадных, то гэта амаль святое. Напрыклад, у суботу мы прыбіраем у доме, дачка робіць урокі (тата дапамагае разабрацца з фізікай і матэматыкай: як-ніяк фізмат закончыў!). А вось нядзеля — гэта дзень, калі мы толькі адпачываем: ходзім на прагулкі, наведваем цырк, тэатры, кіно, катаемся на каньках — па магчымасці стараемся цікава бавіць час.
У маім дзяцінстве ўсё было крыху інакш. У нас не было інтэрнэту і мабільных тэлефонаў — усё было абмежавана чорна-белым тэлевізарам з двума-трыма каналамі з навінамі, спортам, перадачамі “У гасцях у казкі”, “Ранішняя пошта”, “Добрай ночы, малышы!” і мульцікамі…
Але ў нас было вельмі бурлівае актыўнае школьнае жыццё. Мы заўсёды нешта выдумлялі: агітбрыгады, тэатральныя пастаноўкі, капуснікі, канцэрты ў музычнай школе… А што да дваровага жыцця, дык гэта ўвогуле быў поўны ўлёт! У нас было столькі гульняў… Адны казакі-разбойнікі чаго вартыя! — усе сцены былі размаляваны стрэлкамі. А класікі?.. Вось зараз успамінаю, і душа наліваецца святлом. Маё дзяцінства прайшло на дрэвах: мы лазілі па іх, нібы малпы, і амаль там жылі. Памятаю, як маці прыходзіла да мяне пад дрэва, станавілася і, склаўшы рукі, гаварыла: “Дачушка, мне што, абед табе на дрэва прыносіць? Ну колькі ўжо можна цябе клікаць?”. Зараз нават не верыцца, што такое было. Потым, пазней, прыязджала да бацькоў і глядзела на дрэвы, якія тады мне здаваліся вельмі вялікімі… А потым тыя дрэвы ўвогуле спілавалі…

— Даставалася за гэтакія свавольствы?
— А то ж! Вядома. Прышла на 15 хвілін пазней, чым трэба — усё, пакаранне. Праўда, часцей яно заканчвалася проста словамі. Але калі ў выхаваўчы працэс уключаўся тата, то гэта было сур’ёзна. Што ў нас выхоўвалася, дык гэта павага да бацькоў, павага да старэйшых. Не паслухацца бацькоў было практычна немагчыма.

— Ці выдзялялі ў школе нейкія прадметы ў якасці любімых?
— Мне вельмі падабаліся руская мова і руская літаратура. У нас была цудоўная настаўніца — Галіна Васільеўна Усердная. Цудоўная жанчына найвышэйшай культуры і прафесіяналізму, з пачуццём такту, карэктнымі адносінамі да вучняў. Яна была вельмі строгая і велікадушная. А як яна гаварыла! Яна была ваенным дзіцём, выхоўвалася ў дзіцячым доме, і ёй нават прозвішча Усердная далі з-за яе характару і жадання вучыцца, якое яна перадавала сваім вучням. Відаць, не забуду яе ніколі.
Таксама добра памятаю першую настаўніцу Марыю Максімаўну, маю любімую настаўніцу. Увогуле, я лічу, што мне вельмі пашанцавала з настаўнікамі. Гэта былі знакавыя ў маім жыцці асобы. Англійскую мову ў нас выкладала дырэктар школы Галіна Сяргееўна Вінаградава. Яна вельмі адметна нас карала, калі мы з перапынку спазняліся на ўрок: прымушала па-англійску расказваць пра свой папярэдні дзень. Для мяне гэта было выратаванне, таму што я заўсёды атрымлівала за гэта пяцёркі. Безумоўна, пэўнае напружанне я адчувала, але ўсё роўна гэта было ў межах маіх здольнасцей, таму я з-за гэтага асабліва не хвалявалася.

— А з дакладнымі навукамі як спраўляліся? З матэматыкай, напрыклад…
— А іншыя пытанні ў вас да мяне ёсць?.. (Смяецца.) Для мяне фізіка неяк прайшла незаўважна. У нас была настаўніца фізікі, якая не імкнулася данесці свой прадмет да ўсіх: калі нехта меў здольнасці да прадмета, ён фізіку разумеў, а ў каго іх не было, той фізіку і не ведаў. Я нават заўважала, што настаўніца, калі на ўроку нешта тлумачыла, не звяртала ўвагі на тое, ці слухае яе хто-небудзь увогуле. Потым яна ў нас вяла астраномію. Гэта было крыху цікавей, бо мы вечарамі выходзілі глядзець на зоркі. І калі я пасля 10 гадзін вечара некуды ішла, у мяне было цудоўнае алібі: на бацькавы пытанні я адказвала: “А ў нас астраномія…”.
Не скажу, што ў матэматыцы я зусім нічога не разумела, але час ад часу лятала ў аблоках і выпадала з сістэмнасці, была вельмі няўважлівая: магла ў разліках не там коску паставіць ці знак пераблытаць. Зразумела, адказ не сыходзіўся, хаця ход разважанняў быў правільны.

— Як выбралі сваю музычную будучыню?
— Ведаеце, я ў музычную школу пайшла з шасці гадоў — раней, чым у агульнаадукацыйную, таму для мяне гэта было вельмы натуральна. Увогуле, я спачатку намервалася паступаць у тэатральны інстытут, з-за чаго ў мяне быў вельмі глыбокі і сур’ёзны канфлікт з бацькамі. Яны думалі, што мне не варта ісці ў тэатральны, бо не лічылі гэта за прафесію — ім хацелася, каб у мяне была прафесія, якая б прыносіла рэальны даход. Яны мне ўвесь час прыводзілі ў прыклад лёс Людмілы Гурчанкі, якая пасля трыумфальных роляў 10 гадоў сядзела без работы.
Што мяне пераканала пайсці пасля восьмага класа менавіта ў музычнае вучылішча? Неяк тата сказаў: “Добра, дачушка, паступай у тэатральны інстытут пасля дзясятага класа”, але потым спытаў: “А фізіку і матэматыку здасі ў 10 класе?..” (па тым часе ўсе здавалі аднолькавыя экзамены, у складзе якіх была і матэматыка, і хімія, і фізіка). Адказ мой быў абсалютна прадказальны: “Вядома, не, я і хімію таксама не здам…”. Бацька ўсміхнуўся і сказаў на гэта: “Ну, глядзі сама…”.
Бацька настолькі карэктна, нават з іроніяй, даў мне зразумець сітуацыю выбару, што прынятае рашэнне было абсалютна лагічным: я стала рыхтавацца да паступлення ў музычнае вучылішча.
Скончыўшы музычнае вучылішча, усё роўна паехала паступаць у тэатральны інстытут. Не паступіўшы з-за таго, што са сваёй гарачай каўказскай знешнасцю я не зусім упісвалася ў патрэбныя стандарты, я паехала паступаць у кансерваторыю: у верасні адкрываўся педагагічны факультэт сённяшняй Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, куды з першай спробы і паступіла (што ўжо коней на пераправе мяняць!).

— Якія моманты жыцця вас найбольш навучылі і чаму?
— Калі я вучылася ў школе, быў адзін вельмі важны момант, які навучыў мяне адстойваць сваё месца пад сонцам і заваёўваць аўтарытэт. Заўсёды знаходзіліся людзі, якія “ўзнімалі нацыянальнае пытанне”. Найперш гэта здарылася, калі нас прымалі ў піянеры. Калі сярод тых, хто паедзе ў Маскву, назвалі маё прозвішча (я была актывісткай і атрымала права на паездку абсалютна заслужана: спачатку была камандзірам акцябрацкай зорачкі, потым старшынёй савета атрада і старшынёй савета дружыны школы, потым адна з першых уступіла ў камсамол і вазіла сваіх аднакласнікаў “вывучаць прынцыпы дэмакратычнага цэнтралізму”), некаторыя дзяўчаты, што не трапілі ў гэты спіс, з зайздрасці ўсяк мяне абгаворвалі. Прыходзілася сябе адстойваць, часам сілай: неяк нават хлопцу рассекла брыво (добра, што не вока). Я ўвогуле вельмі рэзка рэагавала, калі мяне называлі словам, якое не характарызуе мяне як чалавека, і проста вылучалі “па нацыянальным пытанні”. Для мяне гэта было незразумела, чаму я павінна цярпець ад нацыянальных нападак? У Арменіі я ніколі не жыла (пра што, дарэчы, часам і шкадую), вырасла ў Расіі, размаўляю без акцэнту, менталітэт у мяне зусім не армянскі. Я ж не аднекуль прыехала — са сваімі аднакласнікамі я была знаёма з дзіцячага садка.
Адстаяць сябе я магла заўсёды і ўсюды: я была вельмі бясстрашная. У школе былі старшакласнікі, якіх баяліся ўсе, акрамя мяне. Я магла глядзець ім у вочы і супраціўляцца, і нават ставіць на месца. І менавіта школа выхавала ў мяне пачуццё ўпэўненасці. Гэта не дзіцячы садок, дзе за табой прыходзіць мамачка. Школа — гэта тое месца, дзе ты адстойваеш сваё “я”, той час, калі ідзе фарміраванне падлетка, ператварэнне асобы, калі ты пачынаеш бачыць роўных сабе, шукаць і знаходзіць сяброў.

— Як вы ўпершыню трапілі на вялікую сцэну?
— Гэта быў шчаслівы выпадак. Мяне запрасілі праспяваць у канцэрце, я пагадзілася, і толькі потым, пасля выступлення, даведалася, што гэта быў адборачны тур “Зорнай ростані”. Мне гэта было цікава: у той час я ўжо займалася эстраднымі спевамі. Другі раз на “Зорную ростань” я прыйшла свядома, падрыхтаваўшыся і разумеючы, што я ўжо гэтага хачу.

— З кім вы праходзілі, калі так можна сказаць, па кар’ернай лесвіцы?
— Заўсёды важна, хто цябе акружае. І асабліва важныя людзі, якія цябе не проста падтрымалі, а якія не перашкаджалі. Вялікую павагу і прыязнасць я магу выказаць Уладзіміру Веньямінавічу Браілоўскаму, тагачаснаму дырэктару Магілёўскай абласной філармоніі, які мяне вельмі падтрымліваў, узяў на работу, выдзеліў студыю і даў магчымасць працаваць. Ён паверыў і проста не перашкаджаў у развіцці. Таксама я ўдзячна Васілю Пятровічу Раінчыку, які даў мне песню, калі я прыязджала ў Мінск на праслухоўванне. Мне было цікава, ці варта мне гэтым займацца. Па тым часе я назірала за многімі артыстамі, бачыла іх узровень (Іна Афанасьева ў той час ужо ва ўсю гастраліравала з аркестрам Міхаіла Фінберга). Да таго ж у мяне была акадэмічная адукацыя, эстраднаму вакалу я нідзе не вучылася, і маімі настаўнікамі былі толькі артысты, якіх я слухала: Селін Дзіон, Уітні Хьюстан і многія іншыя. І гэта для мяне было вельмі важна.
Падчас першых канцэртаў і конкурсаў вельмі вялікую падтрымку аказвалі Алена Спірыдовіч і Таццяна Касмачова, Алег Елісеенкаў — людзі, якія разгледзелі ў маёй асобе чалавека, які на нешта здольны, потым падтрымлівалі, запрашаючы ў розныя праграмы і канцэрты. Я прымала ўдзел у канцэртным туры Алега Цівунова, працавала з Анатолем Ярмоленкам — гэта велізарная школа: ты глядзіш і вучышся, назапашваеш інфармацыю. Для пачынаючага артыста вельмі важна трапіць у гэтую абойму — гэта час, калі ты можаш зарабіць аўтарытэт, асэнсаваць сябе і свае адчуванні ў прафесійным асяроддзі.

— За плячыма 15 гадоў творчай дзейнасці. Якія сюрпрызы падрыхтаваны аматарам вашай творчасці?
— Зараз мы плануем высадзіць творчы дэсант у рэгіёны Расіі. Трэба ж пашыраць геаграфію сваіх прыхільнікаў. Але гэта не значыць, што мы не плануем гастролі па Беларусі. Ужо ёсць гастрольныя планы да восені, і завяршаючым будзе, як заўсёды, канцэрт у сталіцы. А ў лютым будучага года рыхтуем зноў мой аўтарскі праект, прысвечаны Дню святога Валянціна. Вядзём перагаворы з тэлеканалам і калегамі аб удзеле ў канцэрце. Ужо нават прыдумалі яго назву і канцэпцыю. Але гэта пакуль сакрэт. Сачыце за анонсамі.

— Вялікі дзякуй за размову. Сямейнага шчасця, удзячных гледачоў і поўных канцэртных залаў!

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.