Іван БУСЛАЙ: “Марыць трэба заўсёды”

- 12:04Моя школа

Папулярны беларускі спявак Іван Буслай не хавае таго, што яго дзяцінства прайшло ў Бабруйскім дзіцячым доме і Бялыніцкай школе-інтэрнаце. Ён атрымаў прафесію разьбяра па дрэве ў Магілёўскім дзяржаўным эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы і некаторы час працаваў па спецыяльнасці на мэблевай фабрыцы. Але жаданне спяваць і імкненне да сцэны ўсё ж перамагло. Сёння Іван Буслай вядзе актыўную канцэртную дзейнасць і збірае поўныя залы.

— Іван, ці лічыце вы сябе папулярным?

— Думаю, так. Калі б не быў папулярным, я не пратрымаўся б на сцэне больш за 20 гадоў. А калі лічыць ад першых канцэртаў у дзіцячым узросце, то і яшчэ больш…

— У чым сакрэт вашай энергіі, мэтанакіраванасці і творчых здольнасцей?

— Магчыма, гэта ў крыві. Мая мама — цыганка, а бацька — серб. Яны жылі ў Расіі, а бабуля — у Бабруйску. І я нарадзіўся ў Бабруйску — у той час мама гасцявала ў бабулі. Калі я трапіў у дзіцячы дом, мне было 3 гады. Галоўная прычына ў тым, што я быў вельмі хваравітым дзіцем, і мама, каб вырашыць шэраг праблем, часова аддала мяне ў дзіцячы дом. І мамай я ніколі нікога не называў (хіба што калі быў зусім маленькі), бо заў­сёды ведаў, што мама ў мяне ёсць.

Пасталеўшы, я знайшоў шмат каго са сваякоў: і родных, і стрыечных. З некаторымі з іх меў зносіны. Маці і бацька памерлі. Браты расказвалі, што маці не хацела мяне пакідаць, але ўрачы, бачачы стан майго здароўя і разумеючы, што без кваліфікаванай медыцынскай дапамогі я проста не выжыву, настаялі, каб я застаўся ў дзіцячым доме. Так што, магчыма, гэта мяне і ўратавала. Тады мы не ведалі, што ёсць іншыя магчымасці і адносіны. Мы жылі ў сваім свеце, і нам у ім было добра.

У гартаванні характару вялікую ролю адыграла школа-інтэрнат. Гэта была добрая школа жыцця. Трапіўшы ў іншую атмасферу, мы пачыналі — пераважна самастойна — знаёміцца з іншым жыццём, вучыліся разумець, што такое добра і што такое дрэнна. Менавіта ў школе-інтэрнаце разгледзелі мой музычны талент.

— Вы пачалі зарабляць яшчэ падлеткам? Куды трацілі заробленае?

— Сваю першую зарплату я атрымаў у 16 гадоў. Вучыўся і паралельна падпрацоўваў: спяваў у рэстаранах і на, як бы зараз сказалі, карпаратывах. І па тых часах у мяне на руках былі нядрэнныя грошы: я зарабляў нават больш, чым педагогі каледжа.

Калі атрымліваеш першы заробак, проста зносіць дах — хочацца ўсяго. Але я добра памятаю, што купіў касцюм і туфлі — каб працаваць, мне трэба было добра выгля­даць, а таксама свой першы мабільны тэлефон — модную зялёную “Матаролу”-раскладушку.

— Работа ў рэстаране была ў задавальненне?

— Вядома. Але гэта была вельмі цяжкая работа. Хтосьці скажа: «Што тут складанага — у рэстаране спяваць?» Але мы працавалі на знос. Часта з 8 вечара і да закрыцця рэстарана або да апошняга кліента. Бывала, заставаліся ў рэстаране да раніцы: спалі на канапах у грымёрцы, каб раніцай прачнуцца і пайсці на вучобу. У некаторыя дні стамляўся так, што прыходзілася адпрошвацца з заняткаў. І педагогі разумелі і давалі магчымасць выспацца. Але я гэтым асабліва не злоўжываў.

Спяваць у рэстаране я не перастаў і калі пайшоў працаваць на мэблевую фабрыку. Сіл было шмат, і хапала іх на ўсё. У той час спяваў усё: ад Машы Распуцінай да Піліпа Кіркорава. У мяне моцны голас і вялікі дыяпазон, таму атрымлівалася. А яшчэ спрабаваў паўтараць арыгінальную манеру выканання артыстаў — кажуць, многае было вельмі падобна да арыгінала.

Пасля заканчэння вучобы застаўся ў Магілёве і пражыў там 9 гадоў. Я вельмі люблю гэты горад. У яго непаўторная творчая аўра. Да таго ж адтуль родам Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева і многія іншыя артысты.

— Хто дапамог выпускніку школы-інтэрната інтэгравацца ў соцыум і атрымаць жыццёвы вопыт?

— Мне заўсёды па жыцці сустракаліся добрыя людзі. І сябраваў я заўсёды з тымі, хто быў старэйшы за мяне, — з імі цікава і было пра што пагаварыць.

Мне было гадоў 11, калі педагог школы-інтэрната Генадзь Міхайлавіч Цыбульскі заў­важыў, што ў мяне ёсць талент, і пачаў яго развіваць, за што я яму вельмі ўдзячны. Ужо тады мы ездзілі на “гастролі” ў Германію. Атрымалася так, што ў гэтым узросце я ўжо спяваў для пяцітысячнай залы. А першай маёй песняй на сцэне была “Не плачь, русалочка моя”. З Генадзем Міхайлавічам мы да гэтага часу падтрымліваем зносіны і сябруем.

Я вельмі рады, што некалі пазнаёміўся з Алай Мікалаеўнай Агаркавай, культарганізатарам каледжа, стваральнікам і кіраўніком легендарнага і вядомага ў той час калектыву “Дружбакі-сяброўкі”. Яна вельмі дапамагла мне, пазнаёміла са многімі людзьмі і навучыла этыцы паводзін у грамадстве і правілам зносін. Бо, выпусціўшыся са школы-інтэрната, мы на самай справе былі дзікаватыя.

Вялікі дзякуй хачу сказаць Людміле Васільеўне Ліннік, якая працавала кастэлянкай у інтэрнаце. Гэта выдатны адкрыты чалавек. Яна магла падтрымаць і добрым словам, і парадай.

Вядома, вялікі дзякуй дырэктару каледжа Алегу Адамавічу Бахановічу, які вучыў мяне жыццю і шмат у чым дапамагаў.

Гэта сапраўды тыя людзі, якім хацелася верыць і ў якіх хацелася вучыцца. Я і цяпер звяртаюся да іх па параду і падтрымку.

— Дзе атрымалі музычную адукацыю?

— Спецыяльна пастаноўкай голасу са мной ніхто не займаўся. Я сам вучыў ноты і асвойваў музычную грамату. Вельмі шмат мне дала педагог па вакале Людміла Куц. Асновам акадэмічнага вакалу навучыла Люсінэ Налбандзян, якая працавала педагогам па вакале ў Купалаўскім тэатры.

— Навошта вам, эстраднаму выканаўцу, спатрэбіўся акадэмічны вакал?

— Я лічу, што трэба ўмець спяваць усё, і люблю працаваць у розных жанрах: ад рамансаў да папсы. Шукаю залатую сярэдзіну і змешваю жанры. А наогул хацеў бы зрабіць акустычны канцэрт з рамансаў з жывым аркестрам.

— Не ва ўсіх усё склалася так удала, як у вас. Як думаеце, што з’яўляецца вызначальным фактарам у жыцці чалавека?

— Магчыма, у некаторай ступені ўсё залежыць ад генетыкі. Выхаванне ў нас усіх у той час было аднолькавае, але ўсе мы былі розныя: некаторыя з маіх сяброў сталі паспяховымі бізнесменамі, а нехта, спалохаўшыся дарослага жыцця, спіўся, некага, на жаль, ужо няма сярод жывых.

Галоўнае — нікому не зайздросціць і заўсёды быць са­праўдным. Ёсць у мяне адна рыса — распазнаваць людзей на адлегласці. Дрэннага чалавека блізка да сабе не падпушчу — буду захоўваць бяспечную дыстанцыю. Гэта прыходзіць з вопытам зносін. Лічу, што няхай будуць два сябры, але сапраўдныя.

Поспех у жыцці вельмі залежыць ад характару чалавека. Паспяховым можна стаць у любой сферы, у любой прафесіі. Галоўнае — мець мэту і імкнуцца да яе. Я заўсёды быў мэтанакіраваным і ведаў сабе цану, ведаў, чаго хачу, і шмат што ўмеў рабіць, у тым ліку і ў элементарным бытавым плане: мог і бялізну памыць, і ежу сабе згатаваць. У самастойным жыцці мне было нястрашна.

— А ў творчасці?

— Аднаго голасу недастаткова. Павінна быць харызма, бо спяваюць многія, а залы збіраюць адзінкі.

— Як Іван Казіміраўскі стаў Іванам Буслаем? Хто прыклаў руку да гэтага і навошта быў псеўданім?

— У 2005 годзе, калі я быў у Магілёве, мяне запрасілі працаваць у прадзюсарскі цэнтр “Спамаш”. У той час з ім цесна супрацоўнічаў вядомы паэт-песеннік Леанід Пранчак. Ён і прапанаваў мне псеўданім Буслай, хоць першапачаткова, калі прыйшоў у «Спамаш», быў наогул Будулай.

І хоць маё прозвішча пры нараджэнні — Казіміраўскі — таксама вельмі прыгожае, за столькі гадоў на сцэне я звыкся з гэтым псеўданімам. Ды і для прыхільнікаў маёй творчасці ён на слыху. А з 2016 года ў пашпарце афіцыйна запісана прозвішча Буслай. З гэтым звязаны адзін цікавы выпадак. Калі пайшлі ў пашпартны стол, каб падаць дакументы на замену прозвішча, пашпартыстка была вельмі здзіўлена і спытала: “У вас жа такое прыгожае прозвішча — Буслай, навошта яго мяняць?”— “Дык я ж і хачу Буслаем быць”, — адказаў я. Ніхто і падумаць не мог, што гэта было не маё сапраўднае прозвішча.

Можна шмат разважаць, ці варта мяняць прозвішча на псеўданім, але адно ведаю дакладна: спяваў жа я, а не прозвішча.

— З кім з вядомых прадстаўнікоў беларускай эстра­ды вам давялося працаваць?

— Шмат гадоў працавалі з Алёнай Ланской, некалькі разоў з вялікімі турамі аб’ехалі Беларусь разам з Настассяй Ціхановіч, працавалі з Мікітам Фаміных. Таксама спраўдзілася мая мара праспяваць у дуэце з Інай Афанасьевай.

Я таксама з’яўляюся другім афіцыйным выканаўцам песні “Ах, эта ночь” Алега Жукава і Ізмаіла Капланава, якая стала вядомай у выкананні Мікалая Баскава. Алег Уладзіміравіч прапанаваў праспяваць гэтую песню на яго аўтарскім вечары, і яна за мной замацавалася, атрымаўшы новае жыццё. Калісьці Піліп Кіркораў дазволіў мне выконваць песню “Дзіва” з яго рэпертуару.

Мару папрацаваць на сцэне са многімі вядомымі артыстамі. Шмат чаго хочацца ў творчым плане. Наколькі гэта здзейсніцца, не ведаю, але марыць трэба заўсёды.

— Многія прыхільнікі памятаюць ваш сольны канцэрт, які адбыўся практычна адразу пасля расстання з прадзюсарскім цэнтрам.

— У жыцці шмат прыступак, на якія важна падняцца, і гэта была адна з іх. Гэты крок быў абсалютна свядомым.

У 2015 годзе скончыўся 10-гадовы кантракт з прадзюсарскім цэнтрам, і я вырашыў яго не працягваць. Я ўдзячны супрацоўнікам “Спамаша” і асабіста Аляксандру Васільевічу Шакуціну за тое, што я набыў за гэтыя гады. Сыходзячы, разумеў, што застаюся без рэпертуару і прыйдзецца шмат працаваць.

Рызыкнулі — і ў нас атрымалася. Канцэрт атрымаўся добрым, і я быў вельмі рады, што ён спадабаўся гледачам. І гэта пры тым, што на ім не гучаў той музычны матэрыял, які належаў прадзюсарскаму цэнтру і які ўжо палюбілі гледачы. Была адна ўласная песня, набылі правы на выкананне шэрага кампазіцый. Бо кожная новая песня — гэта вялікія выдаткі: аўтарскія правы, аранжыроўка, запіс у студыі…

Сёння ўжо напрацавана дастаткова свайго матэрыялу. Яго гледачы змогуць пачуць на маім сольным канцэрце, які адбудзецца 14 лютага ў Палацы культуры Мінскага аўта­завода. Калі ў мінулым годзе канцэрт называўся «Цыганская душа», то ў гэтым го­дзе будзе больш рамантыкі, лірычных песень. Таксама гледачоў чакае некалькі прэм’ер. З кожным новым канцэртам павінна быць усё лепш і лепш.

У канцэрце прымуць удзел два шоу-балеты, былы саліст ВІА “Вясёлыя рабяты” Юрый Севярын, Мікіта Фаміных, Настасся Ціхановіч, Святлана Агарвал і іншыя артысты. Не хацелася б раскрываць усе сакрэты, але пастараемся здзівіць гледачоў новым шоу: шыюцца новыя касцюмы, адпрацоўваецца харэаграфія, рыхтуем тэматычныя відэа і іншыя фішкі. Спадзяюся, гледачы ацэняць нашы намаганні.

— Калі раптам давядзецца завяр­шыць спеўную кар’еру…

— Не дачакаецеся! Магчыма, такое здарыцца, калі мне будзе гадоў 80. А калі сур’ёзна, то ўсё залежыць ад голасу і стану душы. На крайні выпадак, калі што, зноў пайду на завод — я цяжкасцей не баюся. Калі ісці наперад і верыць у лепшае, то дрэнна не будзе.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Івана Буслая.