Калі сыдуць ветэраны…

- 13:22Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Насычаная праграма нядаўняга прэс-тура, арганізаванага Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы, МІА “Расія сёння” пры падтрымцы Нацыянальнага прэс-цэнтра Рэспублікі Беларусь для беларускіх і расійскіх журналістаў па месцах бітвы за Маскву перыяду Вялікай Айчыннай вайны, прадугледжвала і правядзенне круглых сталоў. Журналісты, навукоўцы, ветэраны, музейшчыкі, пошукаўцы, прадстаўнікі органаў улады абмяркоўвалі актуальныя пытанні захавання памяці пра нашу агульную Перамогу. Выступоўцы адзначалі важную ролю ў гэтай справе ўстаноў адукацыі, таму, безумоўна, з агучанымі меркаваннямі, думкамі будзе цікава азнаёміцца і беларускім педагогам.

Памятныя сустрэчы складаліся з дзвюх частак. Першая прайшла ў маскоўскім будынку навукова-даследчага інстытута ваеннай гісторыі Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі, другая — у адміністрацыі Ржэўскага раёна Цвярской вобласці. Асноўным лейтматывам першага пасяджэння стаў паказ жыцця краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аповед пра тое, як ваяваў, працаваў, набліжаў перамогу савецкі народ. Найбольш вострай атрымалася дыскусія за другім круглым сталом на тэму “Сучаснае ўсведамленне ваеннай гісторыі. Адлюстраванне ў СМІ”. Садзейнічалі гэтаму прапанаваныя для абмеркавання пытанні:

* Якія акцыі, рытуалы, сімвалічныя дзеянні з нагоды Дня Перамогі з’яўляюцца актуальнымі, дазваляюць нам выказаць павагу і падзяку ветэранам? Што перашкаджае захоўванню гэтай памяці, доступу да мінулага і яго разумення?
* Ці можна гаварыць пра нацыянальную культуру памяці пра Перамогу? Што можа выклікаць міжнацыянальную варожасць?
* Якой стане ў будучыні практыка публічнай мемарыялізацыі і памяці пра Перамогу? У якім фармаце будзе праходзіць святкаванне Дня Перамогі, калі побач з намі ўжо не будзе ветэранаў, сведкаў Вялікай Айчыннай вайны?

Своесаблівым пралогам да сустрэчы сталі словы кіраўніка дэпартамента пошукавай і рэканструктарскай работы Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства Сяргея Мачынскага: “Ідзе інфармацыйная вайна за нашу памяць, за нашу Перамогу. Вы, журналісты, першыя салдаты гэтай вайны, і ад вас залежыць, наколькі і ў якім выглядзе будзе захавана гэтая памяць. Дзе браць матэрыял? Ва ўспамінах ветэранаў, у астанках салдат, якія ляжаць у тым ліку на Ржэўскай зямлі, падчас сустрэч з моладдзю, якая займаецца пошукавай работай, удзельнічае ў патрыятычных акцыях, аднаўляе помнікі”. Хіба гэтыя словы нельга адрасаваць і педагогам?
“Тэма круглага стала дастаткова сур’ёзная. Захаваць памяць пра Вялікую вайну і Вялікую Перамогу — наша агульная задача. Ржэў з’яўляецца горадам воінскай славы, таму патрыятычнае выхаванне для нас не проста словы. Упор робіцца на тых формах і кірунках, якія цікавыя моладзі, дазваляюць яе прадстаўнікам дакрануцца да артэфактаў вайны. Таму ў нашым горадзе развіты пошукавы рух. Створаны ваенна-гістарычны пошукавы цэнтр “Памяць 29-й арміі”, які аб’яднаў некалькі пошукавых атрадаў, Цэнтр патрыятычнага выхавання Ржэва. Практычна ў кожнай школе дзейнічае музей або пакой баявой славы. Яшчэ адзін з кірункаў работы — правядзенне грамадскіх акцый, напрыклад, “Бессмяротны полк”, а таксама конкурсу “Сямейныя фотахронікі вялікіх войн Расіі”. Святкаванне 9 Мая ў горадзе праходзіць два дні. 8 мая ладзяцца журботныя, памінальныя мерапрыемствы, а 9 мая — святочнае шэсце арганізацый і прадпрыемстваў, школ, а таксама міні-парад, паколькі Ржэў — горад воінскай славы”, — паведаміў старшыня Ржэва Вадзім Радзівілаў.

Першы намеснік галоўнага рэдактара газеты “Віцебскія весткі” Артур Мацяюн: “Нельга дзяліць нашу агульную перамогу на расійскую, беларускую, украінскую. Да чаго гэта можа прывесці, мы ўсе ведаем. Трэба гаварыць моладзі пра тое, што перамогу заваяваў савецкі народ. Нельга забываць пра тых, хто аднаўляў народную гаспадарку. Няўжо будзем чакаць, пакуль яны стануць нямоглымі і ў іх будзе цяжка ўзяць інфармацыю”.

Захаваць гістарычную памяць, памяць пра Перамогу немагчыма намаганнямі адных педагогаў, калі яе не захоўваюць у сям’і. “У 1990-я гады, калі ў адносінах да ветэранаў быў няўдзячны час, у нашай сям’і адчувалі, што памяць пра нашых родных, якія ваявалі, адыходзіць. Мы зразумелі, што ніхто не захавае памяць пра нашых дзядоў і прадзедаў акрамя нас. У адзіночку гэта складана зрабіць, таму мы аб’ядналіся ў фонд памяці палкаводцаў Перамогі, які ўзначальвае дачка маршала Конева Наталля Іванаўна. Трэба выхоўваць у першую чаргу не дзяцей, а сябе, вывучаць баявы шлях сваіх продкаў. Выдатнай ідэяй з’яўляецца правядзенне акцыі “Бессмяротны полк”. Лічу, што акцыя павінна станавіцца масавым рухам, у якім павінны ўдзельнічаць усе. Няўжо можна ганарыцца толькі франтавікамі, партызанамі, падпольшчыкамі? А тымі, хто працаваў на заводах Урала? Нам усім трэба браць партрэты сваіх продкаў і выходзіць з імі 9 Мая на вуліцы”, — падзялілася міжнародны аглядальнік “Расійскай газеты” праўнучка маршала Канстанціна Ракасоўскага Арыядна Ракасоўская.

Міжнародны аглядальнік “Расійскай газеты” Арыядна Ракасоўская: “На нядаўняй канферэнцыі ў Славеніі размаўляла са старшынёй ветэранскай арганізацыі гэтай краіны. Што цікава: арганізацыя налічвае 48 тысяч членаў. Адкуль у невялікай Славеніі такая колькасць ветэранаў? Аказваецца, у арганізацыю ўваходзяць не толькі ветэраны, але і іх дзеці, унукі, людзі, якія раздзяляюць каштоўнасці тых, хто змагаўся з фашызмам”.

“Я часта задаваўся пытаннем: некалі настане момант, калі застанецца адзін ветэран, ці зможа яго нехта сфатаграфаваць? Так атрымалася, што я апошні, хто зняў Аляксея Мярэсьева, Надзею Папову, якая была адной з легендарных лётчыц, якіх немцы празвалі “начнымі ведзьмамі”. Пытанні, вынесеныя на абмеркаванне, надзвычай актуальныя. Выхаванне ў сям’і — гэта важна, аднак павінна быць і дзяржаўная ідэалогія. Па абавязку службы я неаднаразова бываў у Ізраілі. Там ушанаванне памяці стаіць на ўзроўні дзяржаўнай ідэалогіі. Для ўсіх афіцыйных дэлегацый абавязкова праводзяцца экскурсіі на знакаміты мемарыяльны комплекс Яд ва-Шэм”, — адзначыў фотакарэспандэнт агенцтва РІА Навіны Сяргей Пятакоў. Пасля гэтых слоў узгадаўся наш Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Становіцца добрай традыцыяй праводзіць для кожнай дэлегацыі, якая з афіцыйным візітам наведвае нашу краіну, экскурсію ў гэты цэнтр патрыятычнага выхавання, цэнтр захоўвання памяці пра подзвіг нашага народа.

Галоўны навуковы супрацоўнік Цвярскога дзяржаўнага аб’яднанага музея Святлана Герасімава: “Сёння шмат гаворыцца пра масавы гераізм народа, аднак калі ў Расіі выйшаў загад аб ахове персанальных даных, ужо некалькі гадоў у архівах не выдаюцца нават данясенні дывізій, армій, ваенных саветаў. А там разам з негатыўнымі данымі ідуць імёны і прозвішчы людзей, якія здзейснілі подзвігі. У нас паўтараюцца адны і тыя ж героі. Аляксандр Матросаў, Мікалай Гастэла… Пра іх трэба ведаць, аднак як мы можам пацвердзіць словы пра масавы гераізм народа, калі дакументы закрыты?”

На думку галоўнага навуковага супрацоўніка Цвярскога дзяржаўнага аб’яднанага музея Святланы Герасімавай, для захавання памяці пра Вялікую Перамогу трэба змяніць формы работы з моладдзю. Трэба адыходзіць ад “кампанейшчыны”. Масавы мазгавы штурм напярэдадні юбілеяў, наадварот, адштурхоўвае моладзь. “Каб захаваць памяць, трэба адкрываць, а не закрываць архівы. Што адчуюць навучэнцы, калі праз пэўны час зразумеюць, што іх падманвалі, нешта недагаворвалі, не расказвалі ім усю праўду вайны. Калі мы гаворым пра Ржэўскую бітву, пра вялікія страты Чырвонай Арміі, нас, музейшчыкаў, усяляк крытыкуюць, маўляў, мы ачарняем Перамогу. Хіба Перамога 1945 года не пачыналася ў 1941-м, 1942-м? Хіба тысячы салдат, якія ляжаць у Ржэўскай зямлі, не набліжалі Перамогу? Не трэба пра іх забываць. Мільёны людзей у Хатыні праслухалі экскурсію пра тое, што беларускую вёску знішчылі немцы. Калі б яшчэ ў савецкія часы гаварылася праўда пра трагедыю, то наўрад ці ва Украіне адбыліся б сумна вядомыя падзеі”, — дзеліцца Святлана Герасімава.
Асацыяцыя даследчыкаў расійскага грамадства, якую на круглым стале прадстаўляў яе прэзідэнт Генадзь Бардзюгоў, з пачатку гэтага года праводзіць спецыяльны маніторынг святкавання Перамогі на постсавецкай прасторы і ў свеце. Вынікі маніторынгу не самыя прыемныя. Для амаль паловы моладзі Дзень Перамогі — гэта ўжо не галоўнае свята. Гэта значыць, што тыя фарматы патрыятычнага выхавання, якія выкарыстоўваюцца, не заўсёды эфектыўныя, яны не пранікаюць у свядомасць моладзі.

Старшыня Ржэўскага раёна Валерый Румянцаў: “Мой узрост дазваляе параўноўваць падрыхтоўку і святкаванне Дня Перамогі ў 1960—1970-я гады з сённяшнім часам. Раней было менш слоў, а больш спраў. Сёння ў нас вялікая разнастай-насць форм, у тым ліку інтэрактыўных, але канкрэтнае замацаванне памяці дасягаецца не заўсёды. Мы разрываем гісторыю. Думаю, настаў час больш актыўна выкарыстоўваць у рабоце ўспаміны не толькі ветэранаў, але і тых, хто аднаўляў народную гаспадарку”.

Многія старыя фарматы работы не спрацоўваюць, успрымаюцца казённай абавязалаўкай. Як пераадолець гэта? Што прапанаваць моладзі? На думку Генадзя Бардзюгова, трэба быць уважлівым да таго, што вырастае знізу, не зверху, не дырэктыўна, а тое, што адлюстроўвае сапраўдную народную памяць. Важна адсочваць такія акцыі, каб потым іх папулярызаваць. Выдатным прыкладам з’яўляецца “Бессмяротны полк”. Эфектыўным будзе выкарыстанне ў рабоце з моладдзю сучасных медыйных прыёмаў. Многія акцыі пераймаюць тэлеканалы, інфармацыйныя агенцтвы, радыёстанцыі. Сярод моладзі становіцца папулярным спампоўваць з інтэрнэту на свае гаджэты песні Перамогі. Цікавай з’яўляецца акцыя напісання навучэнцамі лістоў сваім прадзедам або міжнародная акцыя “Бэз Перамогі”. У нашай краіне яе аналагам з’яўляецца акцыя “Кветкі Вялікай Перамогі”, падчас якой ветэраны, навучэнцы, педагогі закладваюць яблыневыя сады. Якім будзе фармат святкавання Дня Перамогі ў будучыні? На думку Генадзя Бардзюгова, свята, магчыма, набудзе неафіцыйны характар. У мінулым застануцца маштабныя парады, акцыі, людзі будуць проста прыходзіць на магілы сваіх родных, ушаноўваць іх памяць малітвай і хвілінай маўчання.
“Я разумею, што некалі будуць зусім іншыя даты. Не будзе больш ветэранаў, іх не застанецца ў жывых, ні радавых, ні афіцэраў, ні пакалечаных, ні цэлых, ні генералаў, ні былых зэкаў рот штрафных. Хто потым ім прыйдзе на змену, каго давядзецца запрашаць на сцэну, каб акружыць сваім клопатам, калі будзе юбілей? Мне раней здавалася, што дзеду шмат жыць засталося, але ўжо каторы Дзень Перамогі мы адзначаем без яго”, — гэтыя словы аднаго з сацыяльных ролікаў, папулярнага на партале YouTube, сёння надзвычай актуальныя. Як мы будзем захоўваць памяць пра Перамогу, калі сыдуць ветэраны? Каго будзем запрашаць на сцэну, хто будзе для нас прыкладам мужнасці, подзвігу, маральным арыенцірам? Гэтыя пытанні застаюцца адкрытымі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.