Канстанцін МАСКОВІЧ: “Вось ужо трыццаць гадоў я вучуся іграць на наі”

- 11:57Моя школа

У сённяшнім выпуску праекта “Мая школа”, як і абяцалі, мы прадстаўляем музыканта, які апошнім часам стаў вельмі частым госцем у нашай краіне.
Наша размова выйшла далёка за межы выхавання і адукацыі.
Пра сваю ўласную філасофію, шлях у музыку і людзей, якія суправаджаюць яго ў жыцці, расказвае народны артыст Малдовы лаўрэат шматлікіх прэмій Канстанцін МАСКОВІЧ.

— Канстанцін, вас вельмі часта прадстаўляюць як флейтыста. Раскажыце, калі ласка, нашым чытачам пра асаблівасці вашага інструмента — ная?
— У Балгарыі і Румыніі ён называецца най, а ва ўсім свеце ён больш вядомы як панфлейта. Пра яго ўзнікненне існуе легенда, як грэчаскі бог Пан закахаўся ў дзяўчыну, якую звалі Сірынга. Дзяўчына папрасіла абароны ў Зеўса, і той ператварыў яе ў трасціну. Пан ад гора зрэзаў гэтую трасціну, разрэзаў яе на кавалкі і зрабіў флейту, якая па-грэчаску стала называцца сірынга. Але парадокс у тым, што ў Грэцыі на гэтым інструменце ніхто не іграе — ён знік разам са знікненнем Атлантыды, хаця на грэчаскіх фрэсках бог Пан паказаны менавіта з такой флейтай. Сёння разнавіднасці панфлейты ёсць у Азербайджане, Грузіі, нават у Лацінскай Амерыцы, але ў кожнай культуры гэты інструмент выглядае па-рознаму. У прыватнасці, лацінаамерыканская панфлейта, у адрозненне ад малдаўска-румынскай, двухрадная (паўтонавыя інтэрвалы бяруцца ў другім радзе). А на нашым наі музыкант на адной трубачцы можа выдзьмуць да сямі нот.

— Гэта складаны інструмент?
— Каб іграць на наі, пажадана мець абсалютны слых і вельмі добрыя лёгкія, бо з таго струменя паветра, які выдзьмувае музыкант, для атрымання гуку выкарыстоўваецца не больш як 10 працэнтаў.

— Што складае аснову вашага рэпертуару?
— Зараз я іграю ўсё, але, натуральна, напачатку гэта была народная музыка. У свой час я скончыў факультэт народных інструментаў Кішынёўскага інстытута мастацтваў, але праз некаторы час зразумеў: калі я, як усе іншыя, буду іграць толькі малдаўскую народную музыку, я буду запатрабаваны выключна на вузкай тэрыторыіі Малдовы і Румыніі. Акрамя таго, слухачу нецікава будзе слухаць цэлую праграму толькі народнай музыкі. І гэта выклікала жаданне паэксперыментаваць.

— У чам заключаюцца вашы эксперыменты?
— Спрабую сябе ў розных жанрах музыкі, але лічу, што яшчэ не дасягнуў дасканаласці. Ужо трыццаць гадоў я ўсё вучуся іграць на наі. Трыццаць гадоў — на прафесійнай сцэне, акрамя гэтага, яшчэ чатыры гады кансерваторыі і два гады музычнай школы.
Канечне, аснова — гэта народная музыка. Ад гэтага нікуды не дзенешся. Гэта нашы карані, наша генетыка і наша выхаванне. Як і класічная музыка, якая не была прэрагатывай вышэйшага свету, а існавала ў розных слаях грамадства і з якой кампазітары чэрпалі натхненне. Тут можна ўзгадаць вядомую ўсім калыханку “Спи, моя радость, усни”, якая належыць Моцарту (які, відаць, падслухаў гэтую мелодыю), ці песню “Ах, мой милый Августин”, якая ўжо некалькі стагоддзяў крочыць па свеце і гучыць на кожным піўным фестывалі ў Германіі і Аўстрыі.
Усё астатняе — вытворныя ад гэтага. У мяне ёсць праграма класічнай музыкі, дзе я іграю нават Баха. Для ная спецыяльна ніхто не пісаў. Нават у такога знакамітага малдаўскага кампазітара, як Яўген Дога, няма ніводнага твора для ная. І таму ў дыску “Настальгія” мне захацелася аддаць даніну павагі малдаўскім кампазітарам, выканаўшы іх творы на наі. У гэты збор трапіла кампазіцыя Я.Догі “Санет”, напісаная для струннага аркестра ў 1974 годзе. І калі маэстра пачуў варыянт сваёй кампазіцыі на наі, ён падняў рукі і сказаў: “Косця, я здаюся!”
Я спрабаваў іграць нават рок і хіп-хоп. Галоўнае — ведаць меру. Што амаль заўсёды кладзецца на най — гэта глыбока лірычныя кампазіцыі. Узяць хаця б кампазіцыю “Адзінокі пастух” Джэймса Ласта. Калі я ўпершыню пачуў гэтую мелодыю ў выкананні вядомага румынскага наіста Георгі Замфіры, быў проста зачараваны ёй. Гэты твор выконвалі на розных інструментах, але на панфлейце яна гучыць асабліва пранікнёна. У тым далёкім 1976 годзе я не мог нават уявіць, што гэтая кампазіцыя стане маёй візітоўкай.

— Раскажыце крыху пра ваш шлях у музыку.
— Відаць, музыку я ўвабраў з самага дзяцінства. У нас усе з задавальненнем спявалі і ігралі на музычных інструментах. Маці была настаўніцай, а бацька — вадзіцелем. Бацька іграў на гармоніку, і мне вельмі гэта падабалася. І калі я выказаў жаданне вучыцца музыцы, ён купіў мне акардэон.
Калі мне было 13, мы неяк з сябрамі праз плот глядзелі на вяселле. Тады мне вельмі спадабалася, як малады хлопец іграў на акардэоне. У той жа дзень я папрасіў тату купіць такі інструмент, і праз тры дні ў мяне быў дарагі нямецкі Weltmeister. Я літаральна спаў каля яго. Вядома, нот я не ведаў, навучыўся іграць на ім самастойна. Менавіта музыкай я зарабіў свае першыя грошы, іграючы на вяселлях і сельскіх святах.
Музычная школа ў нашай вёсцы адкрылася, калі мне было 14 гадоў. Але мяне не хацелі браць з-за ўзросту (для акардэона я быў ужо стары), і тады выдатны музыкант мой будучы педагог Васіль Бынзар прапанаваў мне адзіна магчымы варыянт: вучыцца іграць на наі і паралельна — на акардэоне. Для мяне гэта было найлепшае рашэнне, і я вельмі ўдзячны свайму настаўніку за тое, што ён адкрыў для мяне най. Спачатку было вельмі цяжка: з-за гіпервентыляцыі лёгкіх кружылася галава, але педагог мяне заўсёды падтрымліваў. Мы рухаліся далей.
Так склалася, што потым на маім шляху сустрэўся дэкан факультэта народных інструментаў Інстытута мастацтваў імя Гаўрыіла Музічэску Васіль Коваль. У 1979 годзе ён прыехаў у наша сяло Карпінены і, праслухаўшы мяне, параіў паступаць у інстытут мастацтваў (сённяшнюю кансерваторыю).

— Наколькі вядома, вы спачатку не збіраліся звязваць сваю кар’еру з музыкай. Як складвалася ваша вучоба ў кансерваторыі?
— Я іграў, і мне сапраўды гэта падабалася. Здарылася так, што ўсё жыццё я хацеў быць гінеколагам. Чаму? Не таму, што разумеў, што гэта за прафесія. Мне проста падабалася гучанне гэтага слова.
Аднак пасля школы я рэзка памяняў кірунак і да гэтага часу не пашкадаваў аб гэтым. Яшчэ адной прычынай, чаму я адважыўся паступаць у інстытут мастацтваў, было тое, што іспыты ў медінстытуце праходзілі ў жніўні, а ў інстытуце мастацтваў — у ліпені.
У 1979 годзе Міністэрства адукацыі СССР праводзіла эксперымент: калі ты здаваў два экзамены ў суме на 9 ці 10 балаў, цябе залічвалі. Мне пашанцавала. Гісторыю я любіў і здаў яе на “пяцёрку”, а спецыяльнасць (у мяне было 4 класы музычнай адукацыі, якія я прайшоў за 2 гады) — на “чацвёрку”. Так я ў шаснаццацігадовым узросце стаў студэнтам кансерваторыі (вось такі я быў вундэркінд!). Маім настаўнікам па наі стаў вядомы выканаўца Васіль Ёву (кіраваў кафедрай народных інструментаў тады Васіль Крэчун).
Калі я вучыўся ў кансерваторыі, правілы там былі вельмі дэмакратычныя. Тым больш па тым часе Малдова была “абласкана” вышэйшым кіраўніцтвам: як-ніяк у 50-х Леанід Ільіч Брэжнеў быў першым сакратаром ЦК Кампартыі Малдавіі. І гэтыя трапяткія адносіны адчувалі ўсе нават на бытавым гастранамічна-прамтаварным узроўні.
Атмасфера панавала ў нашым інтэрнаце даволі свабодная. Мы вельмі здзіўляліся, што звычайна хлопцы жылі асобна ад дзяўчат у іншых інтэрнатах, бо ў кансерваторскім інтэрнаце жылі ўсе разам, нават змешаныя пакоі былі. Але такі ход падзей абсалютна не турбаваў ні нас, ні наш рэктарат. Інтэрнат кансерваторыі быў меккай для студэнтаў медыцынскага і політэхнічнага інстытутаў. Яны прыходзілі да нас, як у зону свабодных зносін. Я быў сярод першых дыджэяў, якія ў 1981 годзе адкрылі першую дыскатэку ў горадзе. Памятаю, што тады праграму дыскатэкі здавалі на зацвярджэнне ў ЦК камсамола, але цішком ставілі і “Машыну часу”, якая тады была яшчэ на паўлегальным становішчы, і іншых выканаўцаў, запісы якіх недзе даставалі.
Я вельмі хутка зразумеў, што ёсць магчымасць паездзіць па фестывалях і што клуб інтэрнацыянальнай дружбы мне ў гэтым можа дапамагчы.
Фактычна пачынаючы з другога курса я з’яўляўся ў інстытуце толькі на сесію, але да яе вельмі добра рыхтаваўся. Увесь астатні час я — не, не прагульваў! — абараняў гонар навучальнай установы і краіны на міжнародных конкурсах. Былі розныя ўнікальныя выпадкі. У 1980 годзе ў Ашхабадзе (Туркменія) праходзіў фестываль палітычнай песні. Як спалучыць малдаўскі народны музычны інструмент з патрыётыкай, я доўга не думаў: знайшоў хлопца, які нядрэнна іграў на гітары і спяваў, мы з ім стварылі этна-фолк-групу “Извораш” (“Крынічка”) і выканалі песню пра туркменскага героя, які загінуў у Вялікай Айчыннай вайне. І тое, што мы ўзялі гран-пры на тым конкурсе, усіх прывяло ў шок: мы абышлі вакальна-інструментальныя калектывы з гісторыяй і багатым рэпертуарам. Менавіта там пачаліся мае знаёмствы, менавіта там я даведаўся, што пры кожным інстытуце ці ўніверсітэце існавалі клубы інтэрнацыянальнай дружбы. Вельмі хутка я паспяхова ўвайшоў у гэтую сетку знаёмстваў. Як толькі мы прыязджалі з аднаго фестывалю, для нас ужо было запрашэнне на наступны ў іншы горад іншай краіны. Мы аб’ехалі ўсю Прыбалтыку і Расію. А вось з беларусамі ў той час я перасякаўся толькі ў будатрадзе ў горадзе Гагарыне (былы Гжацк) Смаленскай вобласці, куды мы ездзілі ў складзе інтэрнацыянальнага будатрада. Там я пазнаёміўся са студэнтамі з Мінска, але ў Беларусі да 1999 года не быў.

— Пасля заканчэння кансерваторыі вы…
— …Пайшоў у армію. Спачатку служыў у вучэбнай часці ў Нікалаеве, даслужыўся да камандзіра радыёўзвода. Най быў заўсёды са мной. Канечне, удзельнічаў у самадзейнасці, але ніякіх прывілей мне гэта не давала. У нашым падраздзяленні знайшліся барабаншчык і гітарыст, і, каб нейкім чынам разнастаіць нашы будні, мы ладзілі музычныя сэйшны. Мы проста ігралі, а ў залу прыходзілі салдаты, каб проста паслухаць музыку.
Дэмабілізаваўшыся, я вярнуўся дадому і ў сельскім клубе стаў кіраваць вакальна-інструментальным ансамблем. Я падбіў удзельнікаў ансамбля, і мы, некалькі разоў з’ездзіўшы ў Адэсу да фарцоўшчыкаў, набылі новую апаратуру. Асвоілі новы рэпертуар, які складаўся з народнай і сучаснай музыкі, набылі каляровыя лямпачкі… Для нас (ды і для ўсіх іншых) гэта была як культурная рэвалюцыя.

— З якой нагоды трапілі ў Беларусь?
— Міждзяржаўная тэлекампанія “Мір” у 1999 годзе запрасіла мяне прыняць удзел у святочных мерапрыемствах да Дня Перамогі ў Брэсце. І тыя сувязі з Беларуссю, якія завязаліся тады, увесь гэты час растуць і памнажаюцца.

— Кажуць, што вы сыгралі так, што ў Белавежскай пушчы замоўклі птушкі.
— Сапраўды, такое было. Пасля святочных мерапрыемстваў адбыўся святочны абед, на якім прадстаўнікі кожнай краіны выконвалі штосьці са свайго рэпертуару. Дзень быў прыгожы, спявалі птушкі, але, калі я пачаў іграць, усталявалася абсалютная цішыня. І Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, які прысутнічаў на гэтым мерапрыемстве, потым сказаў: “Ну ты чарадзей! Нават птушкі змоўклі, цябе слухаючы”.
Потым шмат гадоў я ездзіў на “Залаты шлягер” у Магілёў. У 2000 годзе ўпершыню наведаў “Славянскі базар” у Віцебску, дзе з аркестрам Міхаіла Фінберга выканаў “Адзінокага пастуха”. З таго часу супрацоўнічаю з фестывалем і нават з’яўляюся афіцыйным прадстаўніком “Славянскага базару ў Віцебску” на тэрыторыі Малдовы і Румыніі — падбіраю канкурсантаў, праводжу адборачныя туры. Не менш важным для мяне стала знаёмства з Прэзідэнцкім аркестрам Беларусі (да знаёмства з гэтым калектывам я вельмі мала працаваў з аркестрамі). Аднойчы мне патэлефанавалі і прапанавалі ўзяць удзел у канцэрце-прэзентацыі Прэзідэнцкага аркестра Беларусі. Гэта было вельмі ганарова, бо я быў адзіным запрошаным замежным выканаўцам на гэтым шоу. Віктар Бабарыкін мяне ўразіў тады сваёй маладосцю, бо я прывык да таго, што дырыжор павінен быць даволі сталага ўзросту. Потым былі сумесныя праекты: я прыязджаў у Беларусь з сольнымі праграмамі разам з гэтым аркестрам, а Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь двойчы ўдзельнічаў у маім фестывалі “Песні свету” ў Малдове, дзе ўжывую акампаніраваў выканаўцам з розных краін. Вельмі прыемна, што пасля многіх гадоў сяброўства нашы адносіны не памяняліся. У 2012 годзе планавалася мерапрыемства з нагоды майго 50-годдзя і 30-годдзя творчай дзейнасці. Як не сумна пра гэта гаварыць, але я не змог знайсці музычны калектыў, які б узяў удзел у гэтым вялікім канцэрце. Я хацеў ангажыраваць аркестр з Малдовы, але яны назвалі завоблачную цану, а пасля таго, як ужо ішлі рэпетыцыі, за тыдзень да канцэрта адмовіліся ад удзелу ў ім. Я тэрмінова звярнуўся да кіраўніцтва Палаца Рэспублікі з лістом, у якім прасіў Прэзідэнцкі аркестр узяць удзел у маім канцэрце, і мне не адмовілі. Я быў вельмі ўражаны, што 1 кастрычніка аркестр адыграў на прыёме ў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а потым аркестранты селі ў аўтобус і раніцай 2 кастрычніка, у мой дзень нараджэння, былі ўжо ў Малдове. Выгрузіліся, прынялі душ і адразу ўключыліся ў работу: селі на сцэну — і палілася цудоўная музыка. На жаль, такія адносіны і ўзаемадапамогу рэдка можна сустрэць у сённяшнім шоу-бізнесе. І я, калі трэба выступіць у Беларусі, ніколі не адмаўляюся і прыязджаю.

— Канстанцін, ці можаце вы назваць сябе шчасліўцам у творчасці?
— Я доўга думаў пра свой шлях у музыцы, кар’еру і ўсё, што са мной адбываецца… Відаць, так, мяне Бог любіць. Акрамя таго, у жыцці было вельмі многа крытычных сітуацый, у якіх мне проста шанцавала.
Памятаю, ляцелі на гастролі ў Мазамбік. Самалёт доўга не мог сесці, не адкрываліся шасі. Камандзір борта прыняў рашэнне садзіцца без шасі на ўзлётна-пасадачную паласу. І гэта не дзе-небудзь у еўрапейскай краіне. Потым, прызямліўшыся, мы бачылі ўздоўж пасадачнай паласы ваенныя самалёты, некаторыя з якіх былі ўторкнуты носам у пясок, некаторыя стаялі ў паўразабраным выглядзе (потым нам патлумачылі, што гэта мясцовых вучылі лятаць на самалётах, якія Мазамбік атрымаў у якасці дапамогі ў абмен на брыльянты). Увогуле, там часта даводзілася сустракаць па дарогах, напрыклад, кінутыя машыны: калясо спусціла — мясцовыя проста кідалі яе на дарозе і ішлі пяшком. Тады, перад пасадкай, усю паласу залілі пенай, і, дзякуючы майстэрству расійскіх лётчыкаў, мы паспяхова селі, ніхто не пацярпеў.
Яшчэ яркі прыклад. 1988 год. Турнэ па Японіі. На працягу двух тыдняў усё было добра, але на стаянцы ў порце Осака ў дзве гадзіны ночы на нашым круізным лайнеры “Прыамур’е” адбыўся пажар. Нейкая сіла разбудзіла мяне за паўгадзіны да пажару. Калі ўсё пачалося, я паспеў разбудзіць усіх нашых хлопцаў і вывесці іх… У тым інцыдэнце загінулі людзі, многія пакалечыліся, калі скакалі з борта лайнера на прычал.
Вось так, успамінаючы жыццё, можна сказаць, што крытычных сітуацый у мяне было вельмі многа. Асабліва складаным, нават пераломным, быў 1990 год. У адзін дзень усё, да чаго мы прывыклі, разбурылася, мы прачнуліся ўжо ў іншай краіне, а сябры сталі іншаземцамі. Многія артысты ў той час зламаліся: нехта спіўся, нехта пайшоў у бізнес. Я таксама праз гэта прайшоў, нават нейкі час займаўся дробным гандлем. Але я разумеў, што страчваю сябе, што гэта не маё. У гэты час Бог паслаў мне пяцігадовы кантракт у Румыніі, дзе я займаўся творчасцю і па большай частцы адміністрацыйнай работай (у будучыні мне гэта вельмі спатрэбілася) — працаваў галоўным прадзюсарам вялікага забаўляльна-турыстычнага комплексу ў Брашове.
Гэта для мяне было новым, бо ў часы СССР за нас думалі іншыя людзі. Да гэтага кантракта я працаваў у філармоніі, мы на паўгода наперад ведалі, дзе і калі будзем выступаць. А тут у маім падпарадкаванні было 200 артыстаў. Трэба было прадумваць усё — ад адміністрацыйных дзеянняў да праграмы. Гэты быў неацэнны вопыт і штуршок да развіцця сольнай кар’еры — я ведаў, як гэта ўсё трэба рабіць. Работа ў Румыніі дала мне вельмі многа ведаў у менеджменце, лагістыцы, у тым, як, што і ў якім парадку трэба рабіць, каб дасягнуць поспеху.У 1995 годзе я зразумеў, што з музыканта ператвараюся ў клерка, што мой адміністратарскі рэсурс вычарпаны. Я вярнуўся ў Малдову, каб усё пачаць з чыстага аркуша. Але пайшоў адразу шырокімі крокамі. Найперш у тым самым годзе ў Германіі запісаў першы ў Малдове дыск інструментальнай музыкі “Мелодыі маёй душы” з сімфанічным аркестрам. Альбом выйшаў медытатыўнага характару, і гэтую музыку выкарыстоўваюць у многіх медыцынскіх цэнтрах (неяк прыйшоў у адзін медыцынскі цэнтр і пачуў нешта знаёмае — аказалася, што гучаў менавіта гэты альбом).

— Ці складана было вяртацца на музычную прастору Радзімы пасля пяцігадовай адсутнасці?
— Сапраўды, да ад’езду мяне добра ведалі слухачы і гледачы. З 1984 года я працаваў у групе “Легенда”, якой кіраваў Юрый Садоўнік, — прайшоў конкурс на вакантнае месца наіста ў гэтам калектыве. Дарэчы, Юрый стаў першым кампазітарам, які напісаў музычную кампазіцыю “Вандроўнік” для ная спецыяльна для мяне. З 1989 года па запрашэнні яшчэ аднаго папулярнага кампазітара Анатоля Кірыяка я стаў салістам у яго ансамблі эстраднай музыкі. Там былі сабраны, на мой погляд, самыя моцныя музыканты Малдовы таго часу. Музыка Кірыяка апярэдзіла свой час — гэта была музыка будучыні. Памятаю, як у Японіі вывучалі нашы інструменты, бо не маглі зразумець, як нам удаецца выдаваць на іх тыя гукі, якія яны чулі. (Смяецца.)
Маё з’яўленне на музычным рынку Малдовы ў 1995 годзе шмат для каго было шокам, бо пра мяне ўсе забыліся. У 1996 годзе выйшаў наступны дыск “Малдавіян фан-клуб” — аўтарская работа кампазітара Юрыя Алябава (зараз ён працуе на тэлеканале “НТБ” у Маскве). Гэта быў творчы эсперымент па выкарыстанні ная ў музыцы розных жанраў і ў этнічнай музыцы Грэцыі, Турцыі, Балкан і інш. За вельмі кароткі тэрмін моладзь, якая зусім не разумела і не прымала інструментальную музыку, захапілася ёй. Канечне, не абышлося і без невялічкіх прома-праектаў: я ездзіў па школах і даваў невялікія канцэрты, каб зацікавіць маладзёжную аўдыторыю сваёй музыкай. Сёння менавіта тыя, хто ў 1995 годзе вучыўся ў 5—7 класах, складаюць армію маіх фанатаў.

— Ці ёсць зараз нехта, хто ў творчасці ідзе за вамі, так бы мовіць, наступаючы вам на пяткі?
— Я і рад бы быў такому. Сёння ёсць музыканты такога плана, але ў большасці выпадкаў гэта капіраванне, а я люблю арыгіналы.

— Вы так многа паспрабавалі ў музыцы… Што б музыкант ні рабіў, на яго погляд, новага, гэта можна разглядаць як капіраванне вашай творчасці.
— Многа — гэта не зусім правільна. Ёсць мноства напрамкаў, у якіх можна эксперыментаваць. Так, напрыклад, нядаўна нарадзіўся новы праект, які стаў вельмі цікавы для мяне і які, спадзяюся, будзе цікавы для меламанаў. Я пачаў ствараць анталогіі музыкі іншых народнасцей, выкананай на малдаўскім наі. Гэта глабальны праект, які звязаны з даследаваннямі народнай музыкі пэўнай народнасці. Першай ластаўкай быў альбом азербайджанскай музыкі.

— Чаму менавіта азербайджанскай?
— Справа ў тым, што работа над анталогіяй патрабуе немалых грошай: трэба не толькі падабраць музычны матэрыял, але і запрасіць самых лепшых музыкантаў. Ды і студыйны запіс каштуе грошай. Азербайджанцы былі першымі, хто знайшоў мецэнатаў для гэтай справы.
Увогуле, ідэя гэтага праекта належыць чалавеку, з якім я сябрую яшчэ са студэнцкіх гадоў, — старшыні азербайджанскай абшчыны ў Малдове Вугару Наўрузаву. Неяк мы з ім пілі азербайджанскі чай, і ў размове ён сказаў мне: “Ты вядомы ва ўсім свеце, цябе асабіста запрашаюць прэзідэнты многіх краін і нават Папа Рымскі. А ці не спрабаваў ты іграць народную, напрыклад, азербайджанскую музыку?” Мяне зацікавіла гэтая ідэя, і я стаў працаваць.
Анталогія азербайджанскай музыкі, выкананай на наі, выклікала вельмі вялікі рэзананс. Вядома, дыск прэзентавалі і Прэзідэнту Азербаджана. Праз некаторы час за ўклад у развіццё азербайджанскай культуры мне ўручылі Міжнародную прэмію Нізамі Гянджэві. На тым канцэрце прысутнічалі малдаўскія яўрэі, якія таксама зацікавіліся і выказалі гатоўнасць дапамагчы ў ажыццяўленні выдання анталогіі яўрэйскай музыкі на наі.
Другая анталогія атрымалася нават цікавейшай за першую. Тут я не быў абмежаваны толькі тым матэрыялам, які мне прадаставілі, і пэўным бюджэтам, у які я павінен быў упісацца. Ствараючы яўрэйскую анталогію, я разгарнуўся настолькі, што сам нават не чакаў. Фішка была ў тым, што гістарычна менавіта на тэрыторыі Бесарабіі (часткі сучаснай Малдовы) развівалася клезмерская музыка — традыцыйная народная музыка ўсходнееўрапейскіх яўрэеў, якая першапачаткова была прызначана для выканання на вяселлях. Мне пашанцавала знайсці ў этнаграфічным музеі ў Бухарэсце (Румынія) унікальны архіў: нотныя запісы пачынаючы з 1903 года. Я аднавіў гэтую музыку. Калі паказаў першы запіс, мецэнаты захапіліся гэтай ідэяй. Альбом поўнасцю атрымаўся жывы. У яго запісе ўдзельнічалі чатыры аркестры: ансамбль акардэаністаў “Канцэрціна”, зборны струнны аркестр, невялікі тараф (малдаўскі народны аркестр народных інструментаў, у які ўваходзяць скрыпка, кобза, цымбалы, бубен, віяланчэль і флуер), духавы склад Прэзідэнцкага аркестра Малдовы, а таксама салісты Міхаіл Саракан, Ігар Вітлюк, Саша Данілаў і іншыя. У дыск уваходзіць музыка яўрэйскіх гета, абрадавыя і рэлігійныя кампазіцыі, уключаны таксама сучасныя творы, напрыклад, вядомая песня ізраільскай паэтэсы і кампазітара Наомі Шэмер “Залаты Іерусалім”, вядомая слухачам у выкананні Офры Хаза.
Сапраўды, най не з’яўляецца ні азербайджанскім, ні яўрэйскім народным музычным інструментам. У азербайджанцаў ёсць балабан, у яўрэяў — кларнет. Галоўная задача анталогій — гэта папулярызацыя ная. Каб дастукацца да сэрца немалдаўскага слухача, трэба перадаць фальклор скрозь прызму гучання нашага народнага інструмента. Калі абагульняць, скажу па ўласным вопыце: музыка не мае нацыянальнасці — яна кіруе адценнямі душы.
Работа над праектам прывяла мяне да мноства адкрыццяў, бо я многа слухаў і чытаў. Падрыхтоўка азербайджанскай анталогіі, напрыклад, дала мне магчымасць адкрыць велізарны пласт нацыянальнай культуры і філасофіі азербайджанскага народа — суадносіны мужчыны і жанчыны. Рыхтуючы яўрэйскі альбом, зразумеў перапляценне ў яўрэйскай культуры гора і радасці, смеху і слёз.
Дарэчы, ужо ёсць прапанова стварыць “Анталогію эстонскай музыкі”.

— Улічваючы вашы цесныя творчыя сувязі з нашай краінай, ці не задумваліся стварыць анталогію беларускай музыкі?
— Ідэя такая была, але пакуль што не знайшлося зацікаўленых асоб. Я знаёмы з беларускім фальклорам, і нават выконваю некаторыя фальклорныя творы, таксама мне імпануе аўтарская беларуская музыка, яе мелодыка, напрыклад, у творах Ігара Лучанка ці Васіля Раінчыка. У кожную анталогію я ўключаю і сучаную музыку, і фальклор. Канечне, можна было б зрабіць гэта на базе Прэзідэнцкага аркестра з далучэннем фальклорных выканаўцаў-інструменталістаў. Можа, пасля нашага інтэрв’ю знойдуцца людзі, гатовыя падтрымаць гэты праект.

— Канстанцін, для вас музыка — гэта філасофія ці філасофія — гэта музыка?
— Музыка і ёсць філасофія. Музыка з’яўляецца той мовай, якую разумеюць усе і на якой чамусьці людзі не хочуць размаўляць. Нягледзячы на нацыянальную і рэлігійную прыналежнасць, тыя ці іншыя асаблівасці кожнага чалавека, музыка пранікае ў самыя аддаленыя куточкі чалавечай душы і можа тыранаў зрабіць лагоднымі. У 2006 годзе ў мяне была аўдыенцыя з Папам Рымскім Бенядзіктам XVI. Мяне запрасілі на ўнікальны форум (да гэтага часу не разумею, як я туды трапіў). У Ватыкане былі сабраны людзі з усяго свету, якія вызначыліся нейкімі дабрачыннасцямі, з мэтай аб’яднання ўсіх канфесій дзеля міру на ўсёй Зямлі. І ў размове мне прапанавалі правесці дабрачынны канцэрт, сродкі ад якога былі б пералічаны ў цэнтр рэабілітацыі дзяцей-сірот у Кішынёве. Я даў 68 канцэртаў. Былі сабраны немалыя грошы, на іх у Кішынёве быў адкрыты радыяцыйны цэнтр.
На канцэртах, узрушаныя музыкай, бывае, людзі нават плачуць. Былі і кур’ёзныя выпадкі, з якіх спачатку я смяяўся, але потым зразумеў, што музыка сапраўды творыць цуды. Праз 9 месяцаў пасля аднаго такога канцэрта маладая сямейная пара падзялілася тым, што ў іх доўгі час не было дзяцей, а пасля майго канцэрта ўсё атрымалася. У іх нарадзіўся сын, і яны прасілі дазволу назваць яго маім імем. Таксама ў лістах дзякавалі дзеці, якія доўгі час не маглі знайсці паразумення з бацькамі… Музыка можа закрануць такія глыбокія струны і пачуцці, што можа, хоць і на кароткі час, памяняць чалавека.
Апошнім часам з’явілася вельмі многа псеўдакультуры, культуры-сурагату, якая замяняе сапраўднае мастацтва. І таму, на жаль, многія сапраўды таленавітыя людзі з’яўляюцца незапатрабаванымі і забытымі.

— У вас творчая сям’я. Ваша жонка Валянціна — заслужаная артыстка, у мінулым салістка ансамбля “Жок”. Ці праявілася цяга да музыкі ў вашых дзецях?
— Сустрэча з Валянцінай — ключавы момант у маім жыцці. Так атрымалася, што ў нас, музыкантаў, якія выступалі ў першым аддзяленні, і ў танцорак, якія выступалі ў другім, была адна грымёрка. Хлопцы, як звычайна, крыху спазніліся, а дзяўчаты ўжо акупіравалі грымёрку. Я зайшоў, убачыў Валянціну… яе ногі! (Смяецца.) Спачатку яна не звяртала на мяне ўвагі, а я перадаваў ёй прывітанні. Потым мы сустрэліся ў сяброў, разам адзначылі Новы год, я запрасіў яе на сваё выступленне — і панеслася… Не так даўно ўжо адзначылі сярэбранае вяселле.
Я вельмі ўдзячны ёй за падтрымку і разуменне, але асабліва — за сыноў Віктара і Крыстафера.

— Ці звязаны з музыкай ваш старэйшы сын?
— Віктар дзіцячыя гады правёў за кулісамі. І калі прыйшоў час, мы прапанавалі яму пайсці ў музычную школу. Сын пагадзіўся, але іграць на наі не захацеў — выбраў кларнет. Спачатку ўсё ішло добра, але праз некаторы час ён стаў прасіць, каб я пагаварыў з педагогам: “Тата, ён часам п’яны на заняткі прыходзіць, непрыгожа размаўляе…” І так адзін, другі раз. Я не звярнуў на гэта ўвагі, і ў нейкі момант ён перастаў мне пра гэта гаварыць. Праз паўгода я злавіў сябе на тым, што кожны вечар ён рэпеціруе адну і тую ж кампазіцыю. Памятаю, гэта быў “Санет” Баха. І я, канечне, запытаўся, чаму ён іграе адно і тое ж. “Каб добра запомніць,” — адказаў ён мне. І мне стала цікава. У адзін з вечароў, калі Віця пайшоў у музычную школу, я накіраваўся туды ж, але ў класе на ўроку сальфеджыа яго не знайшоў — настаўніца глядзела на мяне, як на прывід. “Дзе мой сын?” — запытаўся я. “Яго даўно адлічылі,” — пачуў я ў адказ. “Як адлічылі?” “Дык паўгода ўжо як адлічылі”, — адказалі мне. Вядома, я пайшоў да дырэктара. “За што яго адлічылі?” — запытаўся я. “За тое, што не хадзіў на заняткі”. Я ведаў: з яго адказнасцю ў няпоўныя 9 гадоў ён проста не мог без прычыны не хадзіць на заняткі. Я быў абураны, што нам пра гэта не паведамілі. Канечне, дабіўся таго, каб у школе правялі праверку, высветлілася, што ўсё было менавіта так, як мне расказваў Віктар. Не дастукаўшыся да нас, ён, каб нас не турбаваць, вырашыў праблему сам: вылічыў, колькі часу займае дарога ў школу, заняткі і дарога назад. Пяшком ішоў да музычнай школы і пяшком вяртаўся назад. А тыя грошы, якія яму давалі на дарогу і на школу, на працягу гэтых шасці месяцаў ён не траціў, а купляў валюту ў абменніку, дзе мяне ведалі (казаў, што я папрасіў купіць).
Ён вельмі самастойны і незалежны. Калі паступаў на юрыдычны факультэт, на пытанне, кім яму даводзіцца музыкант Канстанцін Масковіч, адказаў, што не ведае такога — так яму хацелася дасягнуць усяго самому.
Пасля гэтага інцыдэнту жонка сказала, што я павінен пакараць сына, але ў чым ён быў вінаваты? Гэта мы сябе павінны былі пакараць за няўважлівасць да яго.
Але ён меў жаданне далей займацца музыкай, аднак кларнет у яго настолькі моцна асацыіраваўся з гэтым няўдалым выкладчыкам, што Віктар стаў вучыцца іграць на саксафоне. Скончыў ён школу на выдатна і, атрымаўшы дыплом (ён вучыўся тады ў 9 класе агульнаадукацыйнай школы), прынёс яго, паклаў разам з саксафонам на стол і сказаў: “Я скончыў музычную школу? А цяпер не чапайце мяне”. Для нас гэта быў шок.
Шок яшчэ быў потым. Праз тры гады, калі на выпускным вечары пасля заканчэння школы ён выдаў шыкоўную праграму на саксафоне і спяваў. Аказваецца, прайшоў пэўны час, эмоцыі ўлягліся — і ён зноў узяўся за саксафон, але ўпотай ад нас, каб зрабіць сюрпрыз: узяў мае мінусоўкі і пад іх у сяброў рэпеціраваў выступленне.
Атрымаўшы дыплом юрыста ў Кішынёве, ён вырашыў працягнуць навучанне і паступіў у Берлін на спецыяльнасць “Эканоміка”, а сёлета ў жніўні ўжо атрымаў дыплом. Паралельна вучобе ён меў свой невялікі бізнес — іграў у клубах на саксафоне, зарабляў сам сабе на жыццё. Але зараз вырашыў больш засяродзіцца на прафесіі. Яго адказнасць і мэтанакіраванасць праявілася і там. У свае 25 гадоў, выйграўшы конкурс бізнес-праектаў, як адзін з лепшых ён ездзіў у Сарбону і… два тыдні чытаў студэнтам лекцыі. Музыка для яго існуе як паралельны свет, а не проста хобі. Да кожнага выступлення ён грунтоўна рыхтуецца. Мала таго, падчас майго юбілейнага канцэрта, на якім ён таксама выступаў, я даведаўся, што ў яго ёсць сцэнічнае імя — Томі Вега (бо ён не хоча прыкрывацца маім імем і хоча дабівацца поспеху самастойна), а ў Германіі ён браў урокі вакалу ў кансерваторыі.

— З Віктарам у дуэце выступалі?
— Раней некалькі разоў выступалі, а зараз на мае прапановы ён кажа: “Тата, у цябе — сваё, у мяне — сваё”.

— А ў Крыстафера ёсць схільнасці да музыкі?
— Яму яшчэ двух гадоў няма, але я адчуваю, гэта будзе ўсё ў адным. Ён такі энерджайзер, што нам нават цяжкавата бывае. А першая музыка, на якую ён стаў рэагаваць, — кампазіцыя
“I feel good”. Мы з жонкай смяёмся з гэтага — ён жа ў нас як-ніяк амерыканец.

— Калі б вы былі міністрам, што б памянялі ў сістэме адукацыі?
— Нашаму пакаленню пашанцавала вучыцца ў савецкай школе (нават мой сын, які вучыўся ў 90-я, вучыўся ў абсалютна іншай школе). Гэта быў страшны час перамен і пераломаў у жыцці бацькоў, бабуль і дзядуляў, якія прывыклі жыць у адной сістэме па вызначаных, усталяваных канонах. І больш за ўсё ад гэтых перамен цярпелі дзеці. Віктару пашанцавала, што ён жыў у такой сям’і, дзе выхаванню і адукацыі дзяцей удзялялі вельмі вялікую ўвагу. Многія яго аднагодкі (я маю на ўвазе ўсё пакаленне) не змаглі прыстасавацца да новых умоў жыцця з-за шэрага прычын.
Тая — савецкая — сістэма прадугледжвала абсалютную занятасць дзіцяці: бацькі павінны былі мець магчымасць як мага больш працаваць, не думаючы пра тое, дзе і што робіць іх дзіця, бо яно было занята на гуртках, у клубах і секцыях. І зараз часта я прыходжу да думкі: навошта было разбураць тое лепшае, што дасталася нам у спадчыну з часоў СССР?
Многія знаёмыя беларусы кажуць, што ў нас, у Малдове, лепш, таму што ў нас свабода. Але ім няма з чым параўноўваць. У вас, у Беларусі, многае захавалася з таго, што павінна было застацца на ўсёй постсавецкай прасторы. Беларусы адрозніваюцца ад тых жа расіян захаванымі душэўнымі якасцямі, як, напрыклад, дружалюбнасць, адкрытасць, здольнасць прыйсці на дапамогу. У нас гэтыя якасці сціраюцца з-за жорскасці жыцця і канкурэнцыі.

— Вас ведаюць ва ўсім свеце. Дзе вы яшчэ не былі?
— Я аб’ехаў вельмі многа краін: я не быў толькі ў Аўстраліі і ў Індыі. Я быў за Палярным кругам, аб’ехаў усю Амерыку і Еўропу і зразумеў, што перакрэсліваць свае нацыянальныя каштоўнасці каб дагадзіць дэмакратыі і агульным каштоўнасцям нельга. Узяць, напрыклад, хаця б Францыю, якая на глебе дэмакратыі, адкрыўшы дзверы ўсім сваім калоніям, усё больш і больш страчвае нацыянальную адметнасць. Я не кажу, што людзей трэба дзяліць, але трэба стварыць такія ўмовы, каб імігранты паважалі традыцыі і законы краіны, у якую яны прыехалі.Што тычыцца Малдовы, то з 90-х гадоў нам спрабуюць прывіць тое, што малдаване і румыны — гэта адзін народ і адна нацыя. На самай справе гэта дзве нацыі, якія суіснуюць у згодзе і разуменні не адно стагоддзе. І сёння гэта прывяло да таго, што моладзь адкідае ўсё, што звязана з Малдовай,— гісторыю, музыку, культуру. Ды і румыны таксама страчваюць нацыянальныя рысы, бо таксама знаходзяцца пад уплывам імпартнай культуры. Многія еўрапейскія краіны вельмі трапятліва ставяцца да сваёй нацыянальнай культуры, прайшоўшы фазу ўніфікацыі, шукаюць сваю нацыянальную ідэнтычнасць.

— У чым ваша самае вялікае шчасце?
— Маё шчасце ў тым, што мне заўсёды вельмі шанцуе на знаёмствы. Я працаваў у адным канцэрце з Элтанам Джонам, з Хасэ Карэрасам, многімі іншымі вядомымі артыстамі. Шмат з кім падтрымліваю сяброўскія адносіны, а з некаторымі нават давялося парадніцца: напрыклад, Тамара Гвердцытэлі пагадзілася стаць хроснай маці майго малодшага сына Крыстафера.
А яшчэ я ўдзячны Богу, што ў мяне ёсць мая сям’я і магчымасць займацца творчасцю, дарыць маю творчасць людзям.

— Дзякуй вялікі за размову! Чакаем вашых новых выступленняў. Паспяховай рэалізацыі вашых планаў!

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Канстанціна МАСКОВІЧА.