Міні-музей «Лён-ляночак» працуе ў дзіцячым садзіку № 25 Наваполацка

- 11:14Образование

Ці ведаеце, чаму беларускі лён расце пераважна на Віцебшчыне, а снапы пасля збору ляжаць на полі да позняй восені? І што з гэтай залацістай расліны атрымліваюцца не толькі добрыя сукенкі ды посцілкі?

Калі не, тады запрашаем у міні-музей “Лён-ляночак” дзіцячага сада № 25 Наваполацка, створанага пры садзейнічанні РУП “Інстытут ільну” Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У экспазіцыі цікавая гісторыя. У маі 2022 года на пасяджэнні савета ўстановы было прынята рашэнне аб распрацоўцы адукацыйнага праекта па фарміраванні патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці дашкольнікаў.

Сімвалам экспазіцыі стаў маленькі дапытлівы беларус, які з цікавасцю вывучае родную краіну, культуру, традыцыі, гераічнае мінулае і багатую на дасягненні сучас­насць.

Сімпатычны герой, увасоб­лены рукамі тэхнічнага работніка сада Таццяны Гвоздзевай у выглядзе лялькі, прыйшоўся даспадобы малым. На працягу года ён вандраваў па групах з пазнавальнымі заняткамі. І вось прыйшоў час зрабіць для яго хатку.

Намеснік загадчыка сада Наталля Кузняцова расказвае:

— Рэалізацыі яшчэ аднаго напрамку нашага патрыятычнага праекта паспрыяў гарадскі конкурс творчых ініцыятыў “Любі і ведай свой край”. Мы вырашылі зрабіць інтэрактыўны міні-музей для дашкольнікаў, прысвечаны галоўнаму багаццю Віцебскай вобласці — ільну. Звязаліся з Інстытутам ільну з просьбай пасадзейні­чаць у афармленні экспазіцыі. Нам даслалі сыравіну кожнага этапу вытворчасці: снапы, насенне, луб, прылады для апрацоўкі валакна і ўзоры вырабаў. Супрацоўнікі сада дапоўнілі выставу сувенірамі і сямейнымі рарытэтамі. Напрыклад, выхавальніца Ганна Вярыга прынесла калаўрот, а музычны кіраўнік Аксана Скурат — верацяно. Значную дапамогу аказалі бацькі нашых выхаванцаў Хрысціна Лучынская, Ганна Крамнёва, Наталля Чаргінец, якія перадалі касцюмы, дэкаратыўныя элементы, посцілкі з ільну. Такім чынам атрымаўся сапраўдны музей. Дзякуючы гэтым экспанатам, дзеці могуць даведацца, як раней выраблялі адзенне, прасачыць працэс пераўтварэння расліны ў гатовы прадукт.

Віцебшчына не проста так славіцца сваімі льнянымі вырабамі. Справа ў тым, што гэтая аднагадовая травяністая расліна не любіць спякотнае лета, а вось у вільготнае надвор’е квітнее і буйнее. Нават пасля збору яе не адразу выносяць з поля, а пакідаюць да позняй восені — пад уздзеяннем прыродных фактараў яна падвяргаецца хімічнаму працэсу і становіцца больш прыдатнай для апрацоўкі. Цікава і тое, што з ільну робяць не толькі бялізну, але і ветразі, алей, вяроўкі, мешкавіну, палатно, кампазітныя матэрыялы для аўтамабіляў і будаўніц­тва, лекі і інш. Так што дзіцячаму саду № 25 ёсць аб чым раска­заць і што паказаць. Для выхавальнікаў выставачная прастора слу­жыць ін­тэр­актыўнай пляцоўкай, дзе можна праводзіць цікавыя заняткі.

Міні-музей “Лён-ляночак” адкрыты для ўсіх. Тут з радасцю праводзяць экскурсіі для юных гараджан з іншых дашкольных устаноў. Аднак галоўнае яго прызначэнне — фарміраванне ў сэр­цах хлопчыкаў і дзяўчынак любові да роднага краю.

Нэлі РАДЗЬКО
Фота з архіва дзіцячага сада