Наталля ЦЫЛІНСКАЯ: “Каханне выратуе свет — я ў гэтым абсалютна ўпэўнена”

- 16:50Моя школа

Наша сённяшняя субяседніца дамаглася гучных тытулаў велізарнай працай, воляй і мэтанакіраванасцю. Яна заслужаны майстар спорту Беларусі (2000), 28-разовая пераможца кубкаў свету, васьміразовая чэмпіёнка свету, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2004 года ў Афінах. У 2007 годзе за дасягненне высокіх спартыўных вынікаў на міжнародных спаборніцтвах, актыўную дзейнасць па папулярызацыі фізкультуры і спорту, развіцці фізкультурна-спартыўных традыцый Наталля Валер’еўна Цылінская была ўзнагароджана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Беларускі спартыўны Алімп”. Сёння яна разважае пра свае школьныя гады, стаўленне да свету і крокі ў вялікім спорце.

— Наталля Валер’еўна, адкуль вы родам?
— Адсюль. Я свая, мінская. Але многіх гэта вельмі здзіўляе. Не раз мне задавалі пытанне, адкуль я прыехала, нібы ў Беларусі не можа быць таленавітых людзей. Часам складваецца такое ўражанне, нібы ніхто не верыць, што ў нас могуць быць свае зоркі, а асабліва тут, у Мінску.

— І, канечне, вучыліся…
— …У мінскай 128-й сярэдняй школе на вуліцы Альшэўскага. І пра школу ў мяне вельмі цудоўныя ўспаміны. Дзіўна? Думаю, што ва ўсім найперш “вінаваты” тагачасны дырэктар школы Лілія Барысаўна Паўлава. Колькі я чула ад маіх калег па спартыўным цэху расказаў пра дырэктараў школ, якія і на зборы не адпускалі, і на спаборніцтвы не дазвалялі ездзіць — маўляў, вучыцеся. Лілія Барысаўна была абсалютнай супрацьлегласцю такім “традыцыйным” дырэктарам і заўсёды давала нам зялёнае святло: ніколі не было праблем паехаць на зборы і спаборніцтвы, а часам і затрымацца на дзень-два пасля іх, каб крыху дома адпачыць. І настаўнікі нас разумелі, безумоўна, з падачы Ліліі Барысаўны. Праўда, увесь час яна забірала ў нас заваяваныя медалі.

— І…
— Ну, канечне, не назусім забірала. Яна ладзіла ўрачыстыя лінейкі і (смяецца) перад усёй школай яшчэ раз нашы медалі нам жа і ўручала.

— Для яе, відаць, гэта было вельмі значнай падзеяй?
— Безумоўна. У нас была звычайная агульнаадукацыйная школа, адно што быў адзін спартыўны клас (дастаткова высокага ўзроўню), але ён быў лёгкаатлетычнага профілю, таму тыя, хто ў ім вучыўся на той час, на сур’ёзныя спаборніцтвы не ездзілі, медалёў на прывозілі… І з гэтай прычыны да нас было асобае стаўленне.

— Зборы, спаборніцтвы… А як складваліся адносіны з вучобай?
— Адносіны з ёй былі сяброўскія (усміхаецца), ды і не сварыліся мы з ёй ніколі…

— …Але вялікай любові таксама не было?
— Як мне здавалася, я вучылася тады нядрэнна. Я была харашысткай, у мяне не было троек, і час ад часу ад настаўнікаў гучалі рэплікі: “Наташа! Ты павінна быць выдатніцай!”. На гэта я адказвала, што нікому нічога не павінна… Чаму так? Вучыцца было прасцей: з харашысткі патрабаванні меншыя.
Ды і вучоба мне давалася лёгка. Урокі рабіла за паўгадзіны — не рабіць не магла, бо ўсё гэта жорстка кантралявалася бацькамі. Але думаю, што калі б урокі я не рабіла ўвогуле, то і так “пракаціла” б.
Пры гэтым усім я была вельмі непаседлівая. Мне трэба было быць адначасова ва ўсіх месцах. Таму здаралася, што ў такой спешцы я магла замест мінуса плюс паставіць або коску дзе-небудзь не паставіць, або, замест коскі, кропку намаляваць і г.д. Ну паставяць ніжэйшую аднаку… І што з таго?.. Гэта мяне не вельмі турбавала: ад таго, што мне ставілі замест пяцёркі чацвёрку, мае веды не змяншаліся.

— Ці былі любімыя прадметы?
— Канечне. Я вельмі любіла матэматыку, ды і ведала яе нядрэнна. Да гэтага часу памятаю настаўніцу, якая выкладала матэматыку ў 4 класе — адразу, як мы прыйшлі пасля пачатковай школы, яе звалі Марыя Ігнацьеўна. І ўвогуле, у мяне, як кажуць, матэматычны склад розуму, ды і падабаўся мне гэты прадмет.

— Для вас было лягчэй рашыць задачу па матэматыцы, чым што-небудзь прачытаць?
— Я чытаю з ранняга дзяцінства і да гэтага часу пастаянна што-небудзь чытаю.

— А якую кнігу чытаеце зараз?
— Не скажу… (Смяецца.) “Гары Потэра”. Другую частку.

— Хочаце быць у курсе таго, што чытае старэйшая дачка?
— Ды не…(Смяецца.) Проста ўсё дома скончылася, а часу з’ездзіць на кніжны кірмаш няма. І я ад безвыходнасці пачала цягаць у дачкі з паліцы “Гары Потэра”. Ну трэба ж нешта чытаць, каб мазгі былі ў тонусе…

— Параўноўваеце з экранізацыяй?
— Вельмі часта экранізацыя значна прайграе літаратурнай аснове. Узяць хаця б папулярны некаторы час таму “Начны дазор”. Калі б я не прачытала да гэтага кнігу, я б не зразумела фільм. Мне ён і так не асабліва спадабаўся, але найперш не спадабалася закладзеная ў ім агульная ідэя. Бо я іду ў кіно не па спецэфекты, а па сэнс — я прывыкла так глядзець кіно. Кніга значна больш цікавая, чым фільм. Я разумею, што ў кінастужцы нельга перадаць усе падрабязнасці зыходнага тэксту — нельга зняць усё вельмі падрабязна. Але калі чалавек улоўлівае сэнс літаратурнага твора, то ён здольны яго перадаць пры дапамозе кінематаграфічных сродкаў. Так вось і з “Начным дазорам”: і спецэфекты добрыя, і акцёры іграюць добра, а вось сутнасць, ідэя кнігі не перададзена…

— А які фільм вам падабаецца? Што гатовы глядзець раз за разам?
— Найперш я люблю ўсе нашы старыя добрыя рамантычныя камедыі, такія як “Службовы раман”, “Каханне і галубы”, “Масква слязам не верыць”, дзе проста паказана наша тагачаснае жыццё і яго атрыбуты. Бо менавіта з таго часу засталіся цёплыя ўспаміны пра звычайныя чалавечыя зносіны. З замежных фільмаў мне падабаецца стужка “Знаёмцеся, Джо Блэк!”. У свой час я праніклася гэтым фільмам: што ты можаш зрабіць, калі табе засталося зусім нямнога? — гэтая тэма вельмі актуальная. І мне здаецца, што некаторых людзей карысна было б паставіць у такое становішча — хай бы паразважалі…

— Ці не лічыць вас дачка праз гэта чалавекам мінулай эпохі?
— Не думаю, бо і на “Гары Потэра” мы з Машай ходзім таксама разам, таму яна мне не кажа, што я маральна састарэла. Да таго ж, калі мне трэба нешта ёй растлумачыць ці да чагосьці прывучыць, я не загадваю ёй проста нешта зрабіць, а стараюся растлумачыць, навошта гэта трэба.
Скажу чэсна: я не ведаю правілаў рускай мовы, але пішу граматна, таму што я шмат чытаю, таму што я проста ведаю, як правільна пішацца тое ці іншае слова, адчуваю, што менавіта ў гэтым месцы павінна стаяць коска. У мяне нядрэнны слоўнікавы запас, для мяне не складае цяжкасці выказаць свае думкі. І найперш гэтым я аргументую неабходнасць чытаць, не кажучы ўжо пра тое, што нечаму ты можаш навучыцца, што, дзякуючы кнігам, ты можаш набыць пэўныя духоўныя каштоўнасці.
Калі мне нехта пачынае гаварыць, што, маўляў, па тэлевізары нешта паказвалі ці па радыё казалі, я адказваю так: “Па тэлевізары паказваюць для тых, хто глядзіць, па радыё гавораць для тых, хто слухае, а ў газетах пішуць для тых, хто іх чытае”.
Ну, напрыклад, каму прыйдзе ў галаву сумнявацца ў каштоўнасці “Рамэа і Джульеты”? Каханне выратуе свет, я ў гэтым абсалютна ўпэўнена. Нават з такой трагічнай развязкай, але тое каханне столькі зрабіла станоўчага…

— Калі ў вас сфарміравалася трывалая цяга да чытання?
— Чытаю я з чатырох гадоў. У дзіцячым садку выхавальніца давала мне кніжку, і я чытала ўсёй групе.

— Калі не сакрэт, кім марылі стаць у дзяцінстве?
— Хірургам (усміхаючыся), пакуль не пайшла ў веласпорт, пры тым, што я вельмі любіла матэматыку…

— Ды і ў веласпорт вы трапілі няпроста?
— У веласпорт я магла б прыйсці крыху раней: мяне проста не пусцілі, сказаўшы: “Хопіць, ты ўжо столькімі відамі спорту перазаймалася, што зараз мы цябе не пусцім”.

— І якімі відамі спорту займаліся?
— Прасцей сказаць, чым я не займалася: цяжкай атлетыкай і футболам, ды і тое толькі таму, што іх тады для жанчын не было. Займалася ўсім і ніяк не магла знайсці сваё.

— А чым прывабіў веласпорт?
— Ну як… тут жа веласіпед бясплатны давалі — катайся, колькі хочаш! Магчымасці купіць веласіпед тады проста не было.

— А калі ўпершыню селі на веласіпед?
— Колькі сябе памятаю, заўсёды каталася на веласіпедзе. Як расказваў бацька, у паўтара года я ўжо ездзіла на чатырохколавым веласіпедзе, а потым маленькія колы аднялі, і я паехала на двух. Потым у дзеда на вёсцы я пад рамай ганяла хутчэй, чым іншыя на раме… Відаць, ужо тады праявіліся нейкія задаткі, але я тады гэтага не асэнсоўвала.

— Ці падтрымліваеце зносіны са сваімі аднакласнікамі?
— Мая лепшая сяброўка Іна Сотнікава (Ермаловіч) — мая аднакласніца (дарэчы, тая, што першай прыйшла на велатрэк). Яна зараз працуе настаўніцай фізкультуры ў адной з мінскіх школ.

— Як далей складваліся вашы стасункі з навучаннем?
— Пачнём з таго, што апошніх некалькі гадоў (а фактычна з 8 класа) у школе я амаль не вучылася. Потым я паступіла ў вучылішча алімпійскага рэзерву (падаць дакументы ў інстытут я не паспела) і два гады “вучылася” там. Уявіце сабе: шэсць гадоў я нічога не рабіла ў плане ўласнай адукацыі, а потым паступіла ў інстытут.

— І як далася вучоба ў ВНУ? Ці цяжка было спалучаць спорт і вучобу?
— У той час я якраз-такі не ганялася і падчас гэтай спартыўнай паўзы нарадзіла дачку Машу і скончыла інстытут. Традыцыйны для амаль усіх спартсменаў Інстытут (а зараз універсітэт) фізічнай культуры, які з-за абрэвіятуры ІФК і спецыфікі навучання ў народзе празвалі Інстытутам факіраў і клоўнаў.
Вучылася мне там не сказаць што лёгка. Я проста адвыкла ад гэтага (з восьмага ж класа!). На другі дзень сесіі (а вучылася я на завочным аддзяленні), калі на мяне навалілася велізарная колькасць інфармацыі, я заявіла, што кідаю інстытут. Але мой куратар, Пётр Пятровіч Булатаў, сказаў: “Спакойна, Наташа, не панікуй!” Так мы з ім інстытут і скончылі. Гэта цудоўны чалавек, я заўсёды з ім рада пабачыцца. Менавіта яму я абавязана сваім дыпломам аб вышэйшай адукацыі. І я нават не ведаю, як яму за гэта аддзячыць!

— А потым было вяртанне ў вялікі спорт і выдатныя спартыўныя дасягненні…
— На пачатку спартыўнай кар’еры я проста не магла дасягнуць такіх вынікаў. На момант “перапынку” мне толькі споўнілася 20 — гэта якраз момант пераходу з юніёрскага ў жаночы спорт. У юніёрскім спорце я зрабіла практычна ўсё, што магла: у 15 гадоў я ўжо была майстрам спорту міжнароднага класа, прызёрам юніёрскага чэмпіянату свету, пятай сярод жанчын. Вынікі былі, але не такія гучныя, бо я была вельмі маладая: веласпорт — недзявочы від спорту.

— Маючы столькі дасягненняў, ці можаце вы адзначыць вашу самую цяжкую перамогу?
— Ведаеце, цяжкія трэніроўкі і падрыхтоўка да перамогі, а самі перамогі ўсе лёгкія. Калі ты перамагаеш, ты знаходзішся на піку формы, табе ўсё даецца лёгка, ты да гэтага прыйшоў і гатовы аддаць тое, што ў табе назапасілася. Эйфарыя ад перамогі скрадвае “тэхнічныя” непрыемнасці: што пасля фінішу ледзь не выплёўваеш лёгкія, што носам ідзе кроў — нічога гэтага не памятаеш.

— А якая была самая радасная і доўгачаканая перамога?
— Усе спартыўныя перамогі цудоўныя, і гэта частка майго жыцця, але я не магу вылучыць з іх нейкую адну. Самыя галоўныя мае перамогі — мае дзеці. У мяне ёсць з чым параўноўваць, але перад дзецьмі гаснуць усе мінулыя перамогі.
Старэйшай, Машы, зараз 14 гадоў. Яна займаецца тэнісам, але гаварыць у такім узросце пра сур’ёзнасць ці паспяховасць няма сэнсу (у жаночым спорце і ў 30 нельга гаварыць пра стабільнасць). А малодшая, Ганна, якой хутка будзе 2 гады, спявае і танцуе.

— Вядома, вам часта даводзілася пераадольваць цяжкасці…
— На цяжкасці я гляджу з усмешкай. Уявіце сабе: увесь час белае, белае, белае, белае… І ні адной чорнай палосачкі… (Смяецца.) Так жа і з глузду можна з’ехаць! Гэта ж клініка!
Цяжкасці робяць нас больш моцнымі. Нездарма ж кажуць, што Бог не дае нам больш, чым мы можам адолець. Пастаянная лёгкасць разнявольвае, і можна прапусціць такую падачу, што і не сабярэшся…

— Пэўны час у прэсе мільгалі паведамленні, што вы нібы збіраліся мяняць грамадзянства. Ці праўда гэта?
— Паверце, у маім жыцці было столькі магчымасцей памяняць грамадзянства, але я іх свядома не скарыстала. Я вельмі люблю сваю Радзіму, мне тут нават дыхаецца лягчэй. І гэта не пустыя словы. Гэта на самай справе так. Мне толькі шкада, што я не змагла паспаборнічаць тут, у Беларусі. Тое, што ёсць у сённяшняга пакалення велатрэка, — вялікае дасягненне. І я шчаслівая, што ў гэтым ёсць частачка і маіх спартыўных заслуг, праз якія я папулярызавала веласпорт.

— Ваш жыццёвы дэвіз?
— Я заўсёды стараюся жыць так, каб потым спакойна спаць па начах. Каб не класціся з думкамі, як выкруціцца з той ці іншай сітуацыі… Я імкнуся адносіцца да ўсіх так, як бы жадала, каб адносіліся да мяне. Стараюся ні з кім не сварыцца. Калі я бачу, што чалавек хоча зрабіць з мяне нешта “гарбатае-рагатае”, я спачатку даю яму шанс, на нешта заплюшчваючы вочы, але потым проста выкрэсліваю са свайго жыцця. Бывае, што паступаюць неадназначныя, слізкія прапановы, і тады адказваю: “Прабачце, не. У мяне дзеці”.

— Ці ёсць нешта такое, пра што вы зараз шкадуеце?
— Я ніколі ні пра што не шкадую. Накручваць сябе і думаць: “А вось калі б…, то было б…” — нічога не памяняецца. Я толькі парву сабе нервы, і стане яшчэ горш. Зараз мая галоўная задача — быць добрай мамай.

— Вялікі дзякуй! Поспехаў вам у кар’еры і сапраўднага жаночага шчасця!

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота БелТА.