Пазіцыя адказнасці

- 12:21Выбары 2015

Удзел Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі ў выбарчай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь стаў галоўным пытаннем, якое абмяркоўвалася на сумесным пасяджэнні прэзідыума Цэнтральнага камітэта прафсаюза і рэспубліканскага штаба пры ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі на час выбарчай кампаніі.

— Ва ўсіх выбарчых кампаніях адукацыйная галіна і галіновы прафсаюз знаходзяцца на першых ролях, — падкрэсліў, адкрываючы пасяджэнне, старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Аляксандравіч Бойка. — Можна сказаць, што так склалася гістарычна, яшчэ з савецкіх часоў, можна сказаць, што ў нас працуюць вельмі адказныя людзі. Праўда і тое, і другое.
А.А.Бойка асабліва заўважыў, што, па ацэнцы экспертаў, цяперашняя выбарчая кампанія адрозніваецца большай, чым звычайна, актыўнасцю моладзі. А сярод членаў галіновага прафсаюза прыкладна 170 тысяч чалавек — прадстаўнікі маладога пакалення. Многія маладыя людзі працавалі ў ініцыятыўных групах па зборы подпісаў выбаршчыкаў, наведваючы людзей дома, сустракаючыся з выбаршчыкамі ў пікетах па зборы подпісаў, арганізаваных на вуліцы, выслухоўваючы розныя пункты погляду.
— Моладзь расце, удзельнічаючы ў гэтай выбарчай кампаніі. У маладых людзей выпрацоўваецца пазіцыя адказнасці за сябе, за сваю сям’ю, за сваіх сяброў, а ў выніку — за сваю краіну, — заўважыў старшыня прафсаюза.
Акрамя таго, кампанію па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адрознівае і вялікая колькасць назіральнікаў ад СНД, ШАС (Шанхайская арганізацыі супрацоўніцтва), ПАСЕ, АБСЕ. Толькі ад апошняй з названых арганізацый 1 верасня ў Беларусь прыязджаюць 40 доўгатэрміновых назіральнікаў, а ў дзень выбараў ад АБСЕ ў краіне будуць працаваць 400 кароткатэрміновых назіральнікаў.
Работнікі адукацыйнай галіны, члены прафсаюза ўжо зараз праявілі сябе ў гэтай выбарчай кампаніі сапраўднымі актывістамі. Менавіта некаторым з такіх актывістаў з розных рэгіёнаў краіны Аляксандр Аляксандравіч Бойка і прадаставіў слова, каб яны маглі падзяліцца вопытам.
Першай слова атрымала старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі прафсаюза Вера Віктараўна Грышэчка. Матэрыялы аб вопыце работы гэтай арганізацыі вырашана размясціць на прафсаюзным сайце і ў сродках масавай інфармацыі ў дапамогу прафсаюзнаму актыву да новага навучальнага года і ў дапамогу сацыяльным партнёрам.
— Члены абласной прафсаюзнай арганізацыі, як і ўсе нашы калегі, актыўна выкарыстоўваюць магчымасці, якія Выбарчы кодэкс прадастаўляе для ўдзелу ў выбарчай кампаніі, — расказала Вера Віктараўна. — Дзявятага ліпеня мы правялі пленум па вылучэнні членаў галіновага прафсаюза ў склад тэрытарыяльнай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У выніку ў абласной камісіі працуе наш прадстаўнік. Мы выкарыстоўваем і магчымасці вылучэння членаў прафсаюза ў раённыя камісіі: у іх склад увайшлі 12 членаў прафсаюза, у тым ліку старшыні райкамаў прафсаюза.
У ініцыятыўных групах, па словах В.В.Грышэчка, працавалі 334 прадстаўнікі галіновага прафсаюза. А 13 жніўня былі вылучаны прадстаўнікі ў склад участковых выбарчых камісій — 526 чалавек. Пры вылучэнні, як падкрэсліла старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі прафсаюза, улічваліся як грамадзянская пазіцыя чалавека, так і вопыт, ранейшы ўдзел ў выбарчых кампаніях. Зараз вядуцца актыўны падбор і вылучэнне назіральнікаў у камісіі рознага ўзроўню. Да гэтага А.А.Бойка дадаў, што важна, каб сярод названых людзей было як мага больш тых, хто валодае замежнымі мовамі для зносін з замежнымі назіральнікамі.
Аб рабоце ў Слуцкім раёне расказала старшыня Слуцкай раённай арганізацыі прафсаюза Аксана Уладзіміраўна Васілевіч. Яна адзначыла, што была каардынатарам ініцыятыўнай групы № 1 па зборы подпісаў па Слуцкім раёне. У склад групы ўваходзілі 65 чалавек, з іх 14 — члены галіновага прафсаюза. Людзі розных узростаў, прафесій, члены розных партый разам выконвалі адзіную задачу. Да пачатку работы ўсе члены ініцыятыўнай групы прайшлі неабходную вучобу, падчас якой увага акцэнтавалася на парадку збору подпісаў, на правільным запаўненні падпісных лістоў. Самым эфектыўным спосабам збору подпісаў стаў іх збор па месцы жыхарства. І таму, што ў людзей былі пашпарты, і таму, што можна было выявіць праблемы жыхароў раёна.
— Я магла давесці агучаныя праблемы да мясцовых саветаў дэпутатаў, да раённых улад, — падкрэсліла А.У.Васілевіч. — А працавалі мы ў вельмі добразычлівай атмасферы.
Прадстаўніца Мінскага гарадскога камітэта прафсаюза Ірына Антонаўна Каленчык паведаміла, што ў сталіцы ў зборы подпісаў прынялі ўдзел каля 200 членаў прафсаюза. На базе ўстаноў адукацыі адкрываюцца 374 участковыя камісіі, усяго па горадзе — 714. Ва ўсіх раённых камітэтах прайшлі пленумы па вылучэнні прадстаўнікоў у гэтыя камісіі — вылучана 178 чалавек, 72 з якіх з’яўляюцца старшынямі пярвічных прафсаюзных арганізацый. Вылучаюцца назіральнікі ва ўчастковыя камісіі. Многія з іх таксама члены галіновага прафсаюза, як і члены раённых камісій, назіральнікі ў гэтых камісіях.
Валянціна Пятроўна Кулеш, старшыня Мінскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, у сваю чаргу, расказала, што ў Мінскай вобласці тры старшыні райкамаў прафсаюзаў з’яўляюцца старшынямі раённых выбарчых камісій, у тым ліку сама Валянціна Пятроўна.
— Быць старшынёй раённай камісіі, асабліва ў Мінскім раёне, не так проста, — заўважыла яна, — бо прысталічны раён — гэта 160 тысяч выбаршчыкаў. А ў складзе раённай камісіі амаль 60% — прадстаўнікі галіновых арганізацый рознага напрамку. Мне як старшыні камісіі неабходна знаходзіць баланс дзеля прыняцця канструктыўных рашэнняў і адпаведнасці ўсёй работы патрабаванням Выбарчага кодэкса.
Усяго ў Мінскім раёне створаны 94 участкі для галасавання, 34 з іх размяшчаюцца ва ўстановах адукацыі. Многія члены ўчастковых камісій — члены галіновага прафсаюза. У раённую камісію назіральнікамі ўжо акрэдытаваны тры чалавекі, два з іх таксама члены галіновага прафсаюза. Ва ўчастковыя камісіі плануецца акрэдытаваць 272 назіральнікаў, палова з якіх зноў жа члены прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
— Адказнасць вялікая, — адзначыла В.П.Кулеш, — але адначасова гэта і вялікі гонар — прадстаўляць галіновы прафсаюз у выбарчай кампаніі.
Аб рабоце ў сваім рэгіёне расказала Тамара Васільеўна Шукала, старшыня Баранавіцкай гарадской камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якая адзначыла, напрыклад, што да падпісных лістоў па зборы подпісаў, якія здалі члены ініцыятыўных груп — работнікі сістэмы адукацыі, няма ніякіх прэтэнзій, яны аформлены бездакорна. У горадзе створана 68 выбарчых участкаў, 25 з іх знаходзяцца ва ўстановах адукацыі.
Пра ўдзел у зборы подпісаў, а таксама работу, звязаную з падрыхтоўкай і правядзеннем выбарчай кампаніі, паведамілі старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў БНТУ Валерый Аляксандравіч Смёткін і старшыня прафкама студэнтаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Міхаіл Фляр’янавіч Барэйша. Так, прадстаўнік БНТУ расказаў, што ва ўніверсітэце быў створаны своеасаблівы міні-пункт па зборы подпісаў, куды прыходзілі і выкладчыкі, і студэнты, актывісты выязджалі на месцы работы студатрадаў, у тым ліку ў Астравецкі раён, дзе ўзводзіцца Беларуская АЭС.
Ад імя ветэранаў выступіла Яніна Аляксандраўна Трахімовіч, старшыня Рэспубліканскага савета ветэранаў працы галіны і галіновага прафсаюза.
— Армія ветэранаў у нас вельмі значная — каля 90 тысяч чалавек, — сказала Яніна Аляксандраўна. — Многія ветэраны праявілі выдатную актыўнасць, у тым ліку на дзяжурствах у грамадскай прыёмнай прафсаюза. А члены ініцыятыўных груп збіралі подпісы, заходзячы дамоў да выбаршчыкаў. Многія ветэраны з’яўляюцца членамі выбарчых камісій. Таксама мы склалі спісы адзінокіх пажылых людзей, інвалідаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, да якіх членам выбарчых камісій неабходна будзе прыехаць дамоў з урнамі для галасавання.
На думку Я.А.Трахімовіч, ветэраны працы ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі, іншых карысных справах не менш актыўна, чым моладзь.
На гэта Аляксандр Аляксандравіч Бойка адзначыў, што работа ветэранаў — прыклад, дастойны пераймання.
На пасяджэнні былі разгледжаны і некаторыя іншыя актуальныя пытанні, напрыклад, аб стварэнні рабочай групы па распрацоўцы плана мерапрыемстваў па святкаванні юбілею галіновага прафсаюза.

Марына ХІДДЖАЗ.