Сакрэт нясумнай прадоўжанкі ведае выхавальніца школы № 2 Талачына Аксана Ананенка

- 10:26Образование

Правёўшы адзін дзень з выхавальнікам групы прадоўжанага дня ў 1 “А” сярэдняй школы № 2 Талачына імя М.П.Лугоўскага, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пераканалася, якія цікавыя, займальныя і пазнавальныя могуць быць заняткі ў прадоўжанцы.

Свая методыка

Малым з 1 “А” класа сярэдняй школы № 2 Талачына імя М.П.Лугоўскага пашанцавала. Адвучыўшыся з 8.00 да 12.00 у школе, хлапчукі і дзяўчынкі з задавальненнем застаюцца ў групе прадоўжанага дня да 18.00. Кожны дзень, гуляючы і ўдзельнічаючы ў квестах, адгадваючы загадкі і збіраючы пазлы, малюючы і майструючы розныя вырабы, першаклашкі даведваюцца шмат новага пра ўсё на свеце: пра жывёльны свет гарачых краін, падводных насельнікаў Сусветнага акіяна, герояў казачнага свету, знаёмяцца з традыцыямі роднага краю, спасцігаюць фінансавую дасведча­насць. І дадому яны вяртаюцца з іскрыстымі цікавасцю вачыма.

Да кожных тэматычных заняткаў Аксана Валер’еўна рыхтуецца загадзя. Яе любімы сродак развіцця пазнавальнай цікавасці малодшых школьнікаў — лэпбук.

У арсенале педагога больш за тры дзясяткі тэматычных лэпбукаў, якія яна стварае ўласнаручна, запэўніваючы, што нічога складанага ў гэтым няма:

— Крыху фантазіі, каляровай паперы, кардону, шмат малюнкаў, раздрукаваных на каляровым прынтары, ламінатар, спецыяльныя мацаванні, набытыя ў інтэрнэт-магазіне, два вечары працы — і развіццёвы даведнік гатовы.

 Лэпбук — тэматычная папка або кніжка-раскладанка з рухомымі дэталямі, кішэнямі, дзверцамі, акенцамі, укладкамі і вучэбным матэрыялам па пэўнай тэме.

Працоўныя будні

Кожны мой працоўны дзень у 1 “А” пачынаецца ў 12.00 і падпарадкоўваецца пэўнаму рэжыму: прагулка на свежым паветры, абед у 13.30, дзённы сон з 14.00 да 16.00, падвячорак і заняткі ў класе, — апісвае Аксана Ананенка распарадак дня, сустракаючы мяне на парозе свайго кабінета, пакуль яе дапытлівыя выхаванцы, вітаючыся, заходзяць у клас. — Калі сон і прыём ежы — гэта нязменныя канстанты, то прагулка і заняткі ў класе ў залежнасці ад надвор’я і іншых прычын могуць мяняцца.

У сваёй рабоце педагог прытрымліваецца каляндарна-тэматычнага планавання па методыцы А.У.Камяк, складзенага з улікам тэм дзеючых вучэбных праграм для 1 класа, апорай на святы і важныя даты. Напрыклад, першы тыдзень красавіка прысвечаны Дню зямлі, зна­чыць, з дзецьмі разбіраюцца тэмы, звязаныя са светам прыроды і жывёл, экалогіяй. Падчас другога тыдня, тэма якога “З кнігай жыць — век не ту­жыць”, гаворка ідзе пра дзіцячую літаратуру, знакамітых аўтараў і іх выданні і інш.

— З Інай Багданавай, класным кіраўніком 1 “А”, мы ўзгадняем тэмы. Тое, што дзеці вывучаюць з ёй на ўроках, мы потым паўтараем, дапаўняем і замацоўваем на маіх занятках. У выніку карысць выхо­дзіць двайная! — тлумачыць настаўніца, за плячыма якой 30-гадовы педагагічны стаж, вопыт работы намеснікам дырэктара школы і метадыстам у раённым аддзеле адукацыі. — Не так даўно, напрыклад, прыйшлі да мяне першаклашкі пасля інфармацыйнай гадзіны “Аб чым зво­няць званы Хатыні?”. Ім ужо добра былі вядомы гады Вялікай Айчыннай вайны і дата знішчэння Хатыні. Мы яшчэ раз паўтарылі матэрыял, разгадваючы крыжаванку на гэтую тэму, а затым здзей­снілі віртуальную экскурсію па мемарыяльным комплексе. Я расказала, чаму фашысты спалілі Хатынь і пра тое, што 15 вёсак Талачынскага раёна спасцігла такая ж доля. На пытанні пра пачуцці, якія ўзніка­юць, дзеці адказвалі па-рознаму:

— Боль!

— Хочацца заплюшчыць вочы і схавацца, каб не знайшлі.

— Моцна сціскаецца нешта ў грудзях!

Лепш адзін раз убачыць

На занятках у фармаце квеста, дзе пабывала я, малыя спасцігалі асновы фінансавай дасведчанасці. Ім трэба было прай­сці пяць выпрабаванняў. Тыя, хто правільна выконваў заданне, атрымліваў ва ўзнагароду цацачную манету.

Пра тое, што гаворка пойдзе пра грошы, школьнікі здагадаліся з першых мінут, разгадаўшы загадку пра Бураціна і ўбачыўшы ў руках у Аксаны Валер’еўны “пяць залатых”. У ходзе першага выпрабавання трэба было адгадаць каля дзесяці загадак. Першаклашкі паднімалі рукі, адказвалі і, падбіраючы адпаведную правільнаму адказу карцінку з лэп­букаўскага набору, мацавалі яе на дошку. Не адразу малыя справіліся з загадкай пра рэкламу. Але ўспомнілі, што даволі часта сустракаюцца з гэтай з’явай у штодзённым жыцці: бачаць па тэлевізары і ў магазінах. Ад настаўніцы дзеці даведаліся, што рэклама спрыяе паспяховым продажам. Не проста было здагадацца і пра супермаркет — агуч­ваючы розныя назвы магазінаў, ніяк не маглі назваць іх адным абагульняючым словам.

Перайшоўшы да другога задання квеста, педагог папрасіла назваць яшчэ казкі, акрамя “Залатога ключыка”, у якіх фігуру­юць фінансавыя адносіны. Успомніўшы “Муху-Цакатуху”, хтосьці з дзяцей сеў збіраць пазлы па матывах гэтых дзвюх казак, астатнія працягвалі адказваць на пытанні. Я ж спытала ў малых:

— А ці памятаеце, хто ў казцы “Залаты ключык” прапанаваў Бураціна адправіцца ў краіну дурняў, каб вырасціць грашовае дрэва?

— Базілік, Базілік! І хітры ліс, — пачуліся дзіцячыя галасы.

На жаль, трэба канстатаваць, месца ката Базіліа і лісы Алісы ў дзіцячых сэрцах занялі мульцяшныя фіксікі, смяшарыкі і іншыя героі.

Калі пазлы былі сабраны, педагог удакладніла ў падапечных, як у той ці іншай сітуацыі паступілі казачныя героі і ці мелі яны рацыю.

— Муха знайшла манетку, купіла самавар і запрасіла гасцей, каб пачаста­ваць іх чаем. Яна правільна распарадзілася грашыма, — разважае 7-гадовая Мар’яна Грыгор’ева.

— А Бураціна дрэнна зрабіў, што прадаў сваю Азбуку. Ён мог вучыцца і потым уладкавацца на добрую работу, але ён падвёў свайго тату Карла. Я, напрыклад, ра­зумею, што хадзіць на вучобу — гэта мая работа, — упэўнена гаворыць Яраслаў Вакуноў.

Далей удзельнікі квеста ўзяліся высвятляць, што з канцтавараў, прадаўшы Азбуку, мог бы купіць драўляны чалавечак. Адгадаўшы загадку, дзеці пачалі “рабіць пакупкі”. Напрыклад, за глобус трэба было заплаціць 27 рублёў, за фарбы — 22 рублі. Але без цяжкасцей не абышлося. Калі загадкі пра алоўкі, фарбы, глобус, пэндзлік, лінейку даліся лёгка, то матэматычны падлік многім пакуль не па сілах.

Чаго не купіш за грошы?

Папрактыкаваўшыся ў матэматычных заданнях, малыя пад кіраўніцтвам педагога пачалі абмяркоўваць такія паняцці, як сямейны бюджэт, расход, даход. Першая ідэя гучала так: “Бюджэт — гэта зарплата і зберажэнні мамы, ну і ўсіх!”.

— З дзецьмі важна прагаварыць, што сямейны бюджэт папаўняюць усе дарослыя члены сям’і, што ён складаецца з заробкаў мамы і таты, пенсіі бабулі і дзядулі, стыпендыі брата або сястры. Варта засяродзіць увагу на тым, хто і за што атрымлівае грашовую ўзнагароду, чым зарплата бацькоў адрозніваецца ад пенсіі старэйшых членаў сям’і або стыпендыі малодшых, — тлума­чыць педагог. — Затым трэба абмерка­ваць, якія выдаткі ў сям’і першарадныя, а якія другасныя. Для гэтага мне ў дапамогу карцінкі аднаго з укладышаў лэп­бука з выявай бытавых паслуг, тавараў народнага спажывання.

— Давайце абмяркуем, як разумна расходаваць сямейны бюджэт, — прапануе настаўніца. — На што мы трацім грошы ў першую чаргу?

— На ежу, адзенне, электрычнасць, інтэрнэт, водазабеспячэнне, — актыўна дапаўняюць адно аднаго маленькія ўсёзнайкі, падмацоўваючы адказ патрэбнай карткай. А хтосьці рашуча дадае:

— На цацкі!

Са словамі педагога пра тое, што набыццё цацак можна адкласці, як і набыццё ­мэблі, малыя згаджаюцца неахвотна, з вялікім недаверам у вачах. Цікава, што такое паняцце, як медыцына, ніхто з іх да выдаткаў не аднёс. Платная медыцына ў маленькіх беларусаў выклікае здзіўленне.

Далей, абмяркоўваючы розныя бытавыя сітуацыі, хлопчыкі і дзяўчынкі ацэньвалі: да даходаў ці расходаў аднесці страту кашалька, спечаныя бабуляй піражкі, папаўненне бака аўтамабіля бензінам…

А на апошнім этапе тэматычнага квеста малым трэба было правільна размерка­ваць карткі з малюнкамі, адказаўшы на пытанне, што купіш за грошы, а што не. Асаблівых складанасцей заданне не выклікала: усе ведалі, што без грошай прадукты, аўтамабіль, адзенне не атрымаць, а вось сяброўства, здароўе ці каханне за грошы не купіш. Ксюша Рылькова так патлумачыла, чаму не купіш каханне: “Тое, што я адчуваю ў душы, купіць нельга”. Разважаючы пра здароўе, Саша Іваноў сказаў: “Здароўе звычайна даецца з нараджэння, але яго трэба берагчы, каб не захварэць потым”.

Заканчвала квест невялікая тэматычная размінка. Адказваючы на няхітрыя пытанні педагога аб тым, колькі ў пакоі вуглоў, колькі ног у вераб’ёў, колькі пальцаў на руках, колькі месцаў у санях, малыя пляскалі ў ладкі, тупалі нагамі, прысядалі. А пад заслону занятку-квеста першаклашкі пачалі размалёўваць рэкламны буклет.

Я, між тым, назіраючы за кемлівымі вучнямі, з задавальненнем слухаючы іх дыялогі і асэнсаванне ўголас важных фінансавых паняццяў, жыццёвых ісцін, думала пра тое, як важна малому дзіцяці апынуцца ва ўмелых руках любячага, творчага педагога, для якога непасрэдныя, добрыя, адкрытыя непаседы — гэта бясконцая крыніца натхнення і жыццёвай энергіі.

 Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара