Сустрэча з радасцю

- 10:22Нам пішуць, Рознае

14 мая 2016 года ў Свіслацкім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры адбылося свята «Дастукацца да сэрцаў», прысвечанае Дню сям’і, на якое былі запрошаны прыёмныя бацькі са сваімі падапечнымі, родныя бацькі прыёмных дзяцей, а таксама бацькі выхаванцаў цэнтра. Свята падрыхтавалі работнікі Свіслацкага раённага дома культуры сумесна са спецыялістамі цэнтра, таксама ў ім прымалі ўдзел прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і настаяцель праваслаўнага храма Свіслачы. 

Вопытам выхавання прыёмных дзяцей у сям’і падзяліліся прыёмныя бацькі Галіна Віктараўна Матвейчык і Ала Анатольеўна Галадок, якія лічаць, што галоўнае – гэта любіць дзіця, дарыць яму ўвагу і дабро.

Настаяцель храма Сергій Тарасевіч у размове з бацькамі звярнуў увагу на тое, што сям’я і дом – гэта месца, якое стварыў Гасподзь, каб чалавек адчуваў сваё прызначэнне, жыў у атмасферы любові і ўзаемападтрымкі, што дапаможа яму пераадольваць жыццёвыя цяжкасці. Найважнейшая задача сям’і – выхаваць дзяцей, накіраваць іх у правільны жыццёвы шлях, дапамагчы ім стаць сапраўднымі людзьмі.

Прадстаўнікі Свіслацкага раённага аддзела па надзвычайных сіутацыях С.М.Кавалеўскі і А.І.Навасад падарылі дзецям і бацькам тэматычныя размалёўкі і памяткі «Небяспечнасць вашых дзяцей».

На сустрэчы многа цёплых слоў гаварылася аб сям’і як аб апоры ва ўсіх бедах і няшчасцях, у межах якой існуе спакой і надзейнасць.

Сустрэча бацькоў і дзяцей прынесла многа радасці, дала магчымасць пабыць разам, адчуць асалоду ад зносін і зразумець, што сям’я – гэта мір, дзе пануе адданасць, самаахвяраванне і любоў.

Марына СЦЯЦЭНКА,
Ларыса БАРЫЧЭЎСКАЯ,
педагогі-псіхолагі Свіслацкага раённага СПЦ.