У маніторынгавай рабоце галоўнае — непрадузятасць

- 13:39Выбары 2015

У доўгатэрміновым маніторынгу выбараў Прэзідэнта Беларусі будуць удзельнічаць больш як 40 наглядальнікаў ад краін Садружнасці. Размова аб гэтым ішла на сустрэчы кіраўніка місіі наглядальнікаў ад СНД Сяргея Лебедзева са старшынёй Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіяй Ярмошынай, паведамілі ў прэс-службе Выканкама СНД.

“Упор будзе зроблены на доўгатэрміновы маніторынг, які будуць ажыццяўляць больш як 40 чалавек”, — адзначылі ў прэс-службе. Плануецца, што актыўны ўдзел у назіранні прымуць прадстаўнікі Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці, дэпутаты Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, Дзярждумы і Савета Федэрацыі, а таксама дзяржаў — удзельніц Садружнасці.
Каардынаваць работу наглядальнікаў будзе штаб місіі, які ўжо фактычна пачаў працаваць. Ва ўсіх абласных цэнтрах будуць адкрыты аддзяленні гэтага штаба, што дасць магчымасць арганізаваць работу наглядальнікаў непасрэдна ў гарадах і раёнах, пастаянна кантактаваць з тэрытарыяльнымі і ўчастковымі выбарчымі камісіямі, праводзіць маніторынг этапаў выбарчай кампаніі.
Як паведамілі ў прэс-службе, ужо ў пачатку наступнага тыдня наглядальнікі наведаюць усе вобласці, дзе азнаёмяцца з вынікамі ўтварэння тэрытарыяльных выбарчых камісій, ходам праверкі подпісаў, сабраных ініцыятыўнымі групамі ў падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты, папрысутнічаюць на пасяджэннях раённых, гарадскіх выканаўчых камітэтаў, прысвечаных пытанням утварэння ўчастковых камісій па выбарах кіраўніка дзяржавы.
Падагульняючы дакумент па выніках назірання будзе грунтавацца на кансалідаваных вывадах доўгатэрміновых і кароткатэрміновых наглядальнікаў.
Старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў па выніках праведзенай сустрэчы адзначыў, што спадзяецца на ўдзел украінскіх наглядальнікаў у маніторынгу выбараў Прэзідэнта Беларусі.
“Мы спадзяёмся, што прадстаўнікі ўсіх дзяржаў Садружнасці будуць прадстаўлены ў місіі СНД. Адпаведныя запрашэнні накіраваны старшыням цэнтральных выбарчых камісій адзінаццаці дзяржаў СНД”, — заўважыў Сяргей Лебедзеў.
Паводле яго слоў, адказу ад украінскага боку наконт удзелу ў місіі СНД для маніторынгу прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі пакуль няма, аднак практыка назірання за галоўнай электаральнай падзеяй у Садружнасці за апошні год (у Таджыкістане, Узбекістане, Казахстане) паказвае: Украіна не накіроўвала наглядальнікаў у склад місіі СНД, але накіроўвала сваіх наглядальнікаў у гэтыя дзяржавы ў якасці незалежных наглядальнікаў па запрашэнні Цэнтральнай выбарчай камісіі. “Мы вельмі спадзяёмся, што Украіна ў любой якасці будзе прадстаўлена наглядальнікамі на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі”, — дадаў Сяргей Лебедзеў.
Маніторынгавая місія СНД мае намер падтрымліваць цесныя кантакты з калегамі ад АБСЕ на выбарах прэзідэнта, адзначыў Сяргей Лебедзеў.
“Мы традыцыйна на працягу ўсіх выбарчых кампаній на постсавецкай прасторы падтрымліваем цесныя кантакты з наглядальнікамі з іншых місій, у тым ліку з місіі АБСЕ і місіі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва”, — заўважыў Сяргей Лебедзеў. Паводле яго слоў, прадстаўнікі краін Садружнасці таксама сустракаюцца з місіямі, якія вядуць назіранне ў Цэнтральнай Азіі. “Таму ў нас кантакты з міжнароднымі наглядальнікамі даволі жывыя, і, што важна, мы вучымся ў іх, а яны нейкі вопыт пераймаюць у нас”, — сказаў ён.
На пытанне аб тым, чаму маглі б павучыцца наглядальнікі іншых краін у місіі Садружнасці Незалежных Дзяржаў, яе кіраўнік адказаў: “У першую чаргу павазе законаў краіны знаходжання, дзе вядзецца назіранне. У нас гэта жалезнае правіла: мы кіруемся заканадаўствам краіны, дзе праводзяцца выбары, і ніколі не ставім у свае задачы павучаць, гаварыць аб тым, што нешта няправільна. Ёсць закон, і гэтым законам трэба кіравацца”, — упэўнены Сяргей Лебедзеў.
На яго думку, у маніторынгавай рабоце таксама важны добразычлівы, непрадузяты падыход. “Мы прыязджаем у краіны як сябры, партнёры па СНД, мы ведаем адзін аднаго лепш, — запэўніў Сяргей Лебедзеў. — Калі знаходзім нейкія агрэхі ў ходзе выбарчай кампаніі, то адкрыта гаворым нашым партнёрам, якія за яе адказваюць, што трэба змяніць”.
“Галоўнае, каб у ходзе выбарчай кампаніі было забяспечана права грамадзян на свабоднае волевыяўленне”, — рэзюмаваў кіраўнік місіі.