Восень залатая ў госці да нас прыйшла

- 15:14Нам пішуць, Рознае

Восень – цудоўная пара года. Яна дорыць шмат радасных, прыемных уражанняў і дарослым, і дзецям. Стала добрай традыцыяй у нашай установе дашкольнай адукацыі штогод праводзіць восеньскія святы, забавы. Сярод іх – фізкультурнае свята «Восень залатая ў госці да нас прыйшла» з удзелам выхаванцаў старшай, сярэдняй і спецыяльнай груп.

У госцi да выхаванцаў дашкольнай установы завiталi Гаспадынька, лясныя жыхары (зайчык, мядзведзь, лісіца) і, вядома, чараўніца Восень. Дзецi з велізарным жаданнем удзельнічалі ў эстафетах «Збяры ўраджай» і «Пасартыруй гародніну», з цікавасцю гулялі ў гульні «Мядзведзь», «Хітрая ліса», дзе паказалі свой спрыт, хуткасць, кемлівасць, вытрымку, а таксама адгадвалі восеньскія загадкі і чыталі вершы. Паміж эстафетамі і гульнямі выхаванцы харэаграфічнай групы «Тапатушкi» парадавалі ўсіх прысутных вясёлым танцам «Лістапад», а дзецi старшай групы выканалі песню «Модніца восень». А якое ж свята без падарункаў…У заключэнне Восень паднесла для ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак свае дары – смачныя яблыкі.

Свята прайшло весела, займальна, цікава. Вынік правядзення такіх мерапрыемстваў – радасць ад удзелу, станоўчыя эмоцыі, тонус і энергія, добры настрой і жаданне дзяцей займацца фізкультурай і спортам.

А.МАРЧАНКА,
кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 7 Круглага.