Выбіраем прэзідэнта — ВЫБІРАЕМ БУДУЧЫНЮ

- 11:14Выбары 2015

Наша грамадства знаходзіцца напярэдадні гістарычнай падзеі — 11 кастрычніка адбудуцца выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Выбарчая кампанія пачата, сёння вядзецца актыўны збор подпісаў за 8 прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты. Аб асаблівасцях сёлетняй выбарчай кампаніі нашай газеце расказвае старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Л.М.ЯРМОШЫНА.

Лідзія Міхайлаўна, выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, правядзенне якіх назначана на 11 кастрычніка гэтага года, з’яўляюцца пятымі па ліку, іх можна лічыць юбілейнымі. Скажыце, калі ласка, наколькі ўсведамляюць нашы грамадзяне значнасць выбару кіраўніка дзяржавы і як вырасла з гадамі іх палітычная актыўнасць?
— Значэнне прэзідэнцкіх выбараў немагчыма пераацаніць. Прэзідэнт нашай краіны з’яўляецца рэальным кіраўніком дзяржавы, чалавекам, які кіруе і выканаўчай, і заканадаўчай, і судовай уладай, як быццам знаходзіцца над трыма гэтымі ўладамі, так бы мовіць, над іх сутыкненнем. Прэзідэнт мае вельмі вялікія паўнамоцтвы, таму беларусы сур’ёзна ставяцца да гэтай выбарчай кампаніі, магчыма, нават больш сур’ёзна, чым да якой-небудзь іншай, з прычыны таго, што выбар прэзідэнта — гэта вызначэнне не толькі самога кіраўніка краіны, а будучыні нашай краіны ў цэлым, і не толькі ўнутранай, але і знешняй. Таму ў залежнасці ад таго, у якой краіне нашы грамадзяне хочуць жыць, у якой краіне яны хочуць, каб жылі іх дзеці, яны і зробяць свой выбар. ЕрмошинаНаконт палітычнай актыўнасці нашага грамадства, мяркуючы па апытанні і вызначэнні грамадскай думкі, магу сказаць, што большасць насельніцтва, а гэта прыблізна 70 працэнтаў, гатова прыняць удзел у сёлетняй выбарчай кампаніі. Больш за тое, я ўпэўнена, што ўсе людзі ў нашай краіне ведаюць аб гэтай значнай палітычнай падзеі, і ў першую чаргу за кошт таго, што яна праходзіць дастаткова прыкметна. Напэўна, кожны з нас ужо заўважыў, што каля буйных гандлёвых цэнтраў, у самых ажыўленых месцах створаны пікеты ініцыятыўных груп, дзе вядзецца збор подпісаў і якія маляўніча аформлены плакатамі, фатаграфіямі прэтэндэнтаў у кандыдаты, сцягамі.
Але трэба адзначыць, што менавіта сёння цяжка ацаніць узровень палітычнай актыўнасці нашага грамадства ў гэтай выбарчай кампаніі, перш-наперш з-за таго, што яна толькі пачалася і праходзіць у летні адпускны перыяд. Хаця члены ініцыятыўных груп расказваюць, што пры такім цёплым сухім надвор’і подпісы збіраць вельмі камфортна. Нашы грамадзяне не спяшаюцца ў свае кватэры, значную частку свайго вольнага часу праводзяць на свежым паветры і, сумяшчаючы прыемнае з карысным, могуць вызначыцца ў выбары свайго кандыдата і паставіць за яго подпіс.
Але нашы грамадзяне ўсё ж страцілі ў нейкай меры цікавасць да гэтай працэдуры. У час правядзення першых выбараў збор подпісаў быў незвычайнай і цікавай падзеяй, асабліва пасля тых традыцыйных выбараў, якія праводзіліся ў савецкія часы. На гэты раз кожнаму чалавеку прадастаўлялася магчымасць самастойна выбраць свайго кандыдата і зрабіць за яго рэальны выбар сваім подпісам.
Натуральна, што да правядзенння пятых выбараў прэзідэнта гэты эмацыянальны складнік прытупіўся. Да працэдуры збору подпісаў нашы грамадзяне прывыклі і ставяцца як да звыклага мерапрыемства. Магчыма, гэта і знізіла ў нейкай меры актыўнасць грамадзян як выбаршчыкаў. Тым не менш умовы для збору подпісаў створаны ліберальныя, прадастаўлены шырокія магчымасці для ўстаноўкі пікетаў. Нават пры нейкіх парушэннях ніякіх адміністрацыйных мер да парушальнікаў пакуль не прымяняецца, а даецца магчымасць ім самім выправіць гэтыя парушэнні. Я думаю, што да 15 верасня, калі вызначыцца дакладная колькасць кандыдатаў у прэзідэнты, выбарчая кампанія пойдзе актыўней і жвавей і ўсё насельніцтва адчуе сябе ўдзельнікам гэтага важнага палітычнага працэсу, а не толькі тыя, хто сёння задзейнічаны ў рабоце ініцыятыўных груп.

Раскажыце, калі ласка, як праходзіў адзін з важных этапаў выбарчай кампаніі — вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты? Колькі кандыдатаў зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы? Хто яны?
— Кандыдатам у прэзідэнты нашай краіны можа стаць грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, які пражыў на яе тэрыторыі не менш як апошнія 10 гадоў, не маладзейшы за 35 гадоў і які сабраў больш за 100 тысяч подпісаў у сваю падтрымку. 15 патэнцыяльных кандыдатаў спрабавалі зарэгістраваць свае ініцыятыўныя групы. У выніку было зарэгістравана 8 груп, а сямі адмоўлена. Хачу заўважыць, што ў гэтым зусім не было палітычных прычын.
Магу сказаць, што не ўсе асобы, якія спрабуюць вылучыцца ў кандыдаты прэзідэнта і якія падавалі для гэтага заявы, з’яўляюцца так званымі сур’ёзнымі кандыдатамі. Ёсць людзі, якія з-за асабістых якасцей, негатыўных фактаў у біяграфіі, адсутнасці арганізатарскіх здольнасцей, недахопу адукацыі, псіхалагічных асаблівасцей не могуць у адпаведнасці з законам сфарміраваць сваю ініцыятыўную групу, таму, натуральна, яны атрымалі адмову.
Хацелася б звярнуць увагу на тое, што з 8 кандыдатаў, якія цяпер збіраюць подпісы, палова з’яўляюцца кіраўнікамі палітычных партый у нашай краіне, пры гэтым дзве з іх знаходзяцца ў апазіцыі да існуючай улады. Упершыню за доўгі час свае ініцыятыўныя групы зарэгістравалі дзве жанчыны, прычым па сутнасці абедзве маюць прамое дачыненне да айчыннай сістэмы адукацыі.
На гэты момант прадстаўнікі ініцыятыўных груп збіраюць подпісы грамадзян на сваіх пікетах, таксама яны могуць наведаць патэнцыяльных выбаршчыкаў дома. Збор подпісаў будзе праходзіць да 21 жніўня. Самая шматлікая ініцыятыўная група ў дзеючага прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, якая налічвае 10,5 тысячы чалавек. Яе члены даўно сабралі неабходную колькасць подпісаў для ўдзелу свайго кандыдата ў выбарах. Тым не менш каманда працягвае працаваць, каб папулярызаваць выбарчую кампанію сярод грамадзян нашай краіны і павысіць іх актыўнасць.
У гэтай групе самым актыўным удзельнікам з’яўляецца Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. І гэта зразумела, бо старшыня федэрацыі Міхаіл Орда ўзначальвае ініцыятыўную групу. Акрамя таго, у яе ўваходзяць члены Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, Беларускага саюза жанчын, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Гэта асноўныя грамадскія арганізацыі, якія і складаюць касцяк гэтай ініцыятыўнай групы.

— Як прадстаўлена ў правядзенні выбарчай кампаніі наша педагагічная грамадскасць?
— Адзначу, што педагагічная грамадскасць заўсёды актыўна ўдзельнічае ў кожным этапе арганізацыі выбараў у нашай краіне, у тым ліку і ў працэсе вылучэння кандыдатаў. Але ў сувязі з канікулярным перыядам у зборы подпісаў гэтай выбарчай кампаніі нашы педагогі будуць задзейнічаны менш, чым на іншых этапах. Я нядаўна гутарыла з кіраўніцтвам рэгіёнаў, і ў кожным з іх у сёлетняй выбарчай кампаніі нашым педагогам вызначана адна з найважнейшых роляў. Асабліва гэта прыкметна ў далейшых этапах выбараў, калі традыцыйна на тэрыторыі навучальных устаноў ствараюцца ўчастковыя выбарчыя камісіі, членамі якіх у сваёй большасці стануць нашы паважаныя педагогі. Так што ўся іх асноўная дзейнасць яшчэ наперадзе.

— Ці адбыліся ў выбарчым заканадаўстве новаўвядзенні? Што канкрэтна будзе прыменена ў сёлетняй выбарчай кампаніі?
— У тым заканадаўстве, якое тычыцца правядзення выбарчых кампаній, некаторыя змены адбыліся яшчэ ў снежні 2013 года. Перш-наперш гэта новаўвядзенне, звязанае са стварэннем фондаў, якое дае магчымасць кандыдатам у прэзідэнты фінансаваць сваю выбарчую кампанію за асабісты кошт і за кошт прыцягнутых сродкаў. 6 з 8 патэнцыяльных кандыдатаў ужо адкрылі свае асабістыя фінансавыя фонды, але, на жаль, напаўняюцца яны слаба. Усё пакуль трымаецца на грамадскім энтузіязме, але, магчыма, сітуацыя выправіцца ў лепшы бок.
Акрамя таго, інфармаванне выбаршчыкаў будзе ажыццяўляцца больш актыўна: цяпер у свае паштовыя скрынкі яны будуць атрымліваць не толькі запрашэнні прыйсці на выбарчы ўчастак, але і пэўную інфармацыю аб усіх кандыдатах у прэзідэнты. З’явіліся новаўвядзенні, звязаныя з правядзеннем перадвыбарнай агітацыі, спрошчаны парадак правядзення перадвыбарных сустрэч, дастаткова многа будзе прадастаўлена эфірнага часу, будуць праводзіцца тэледэбаты ў прамым эфіры.

Як вядома, у гэтай выбарчай кампаніі будуць прыменены не толькі новыя тэхналогіі, якія замацаваны заканадаўча.
— Так, сапраўды. Ёсць шмат падыходаў, якія надаюць нашым выбарам, так бы мовіць, больш чалавечае аблічча. Перш-наперш мы задумалі праект па віншаванні асоб, якія ўпершыню ўдзельначаюць у выбарах. Кожны малады чалавек, які ўпершыню прыйдзе на выбарчы участак у якасці выбаршчыка і якому споўніцца з моманту правядзення апошніх выбараў 18 гадоў, атрымае віншаванне ад Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Мы спадзяёмся, што гэтае віншаванне будзе такім жа значным дакументам для маладых людзей, як, напрыклад, атэстат аб адукацыі, дыплом, і будзе захоўвацца ў іх сем’ях як каштоўная рэліквія.
Улічваючы тое, што ўсе замежныя краіны ідуць па шляху стварэння безбар’ернага асяроддзя для асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, у тым ліку і ў час правя-дзення значных палітычных падзей, мы таксама імкнёмся рухацца ў гэтым кірунку. Разам з Беларускім таварыствам інвалідаў па зроку задуманы спецыяльны праект па арганізацыі галасавання невідушчых грамадзян. Для гэтага будуць выраблены спецыяльныя прыстасаванні ў выглядзе кардонных трафарэтаў з прарэзамі, куды будуць устаўляцца выбарчыя бюлетэні, і невідушчы выбаршчык сам зможа вызначыць тую кандыдатуру, за якую ён гатоў прагаласаваць. Акрамя гэтага, у месцах кампактнага пражывання гэтай катэгорыі грамадзян на выбарчых участках будуць размешчаны інфармацыйныя матэрыялы, вырабленыя з дапамогай шрыфту Брайля.
Я спадзяюся, што ўчастковыя выбарчыя камісіі, якія будуць створаны ў школах, змогуць арганізаваць сваю работу і ў тым кірунку, каб у час выбараў стварыць камфортныя ўмовы для пажылых грамадзян, грамадзян з асаблівасцямі фізічнага развіцця. У гэтым ім павінны дапамагчы нашы вучні, асабліва старшакласнікі, якія маглі б арганізаваць дзяжурствы на тэрыторыі выбарчага ўчастка.

Ці будуць выкарыстоўвацца празрыстыя скрыні для правядзення галасавання?
— Наяўнасць на выбарчых участках празрыстых скрынь вызначана таксама не заканадаўча, гэта права і матэрыяльныя магчымасці тых арганізацый, якія арганізоўваюць участкі для галасавання. Напрыклад, Віцебская вобласць, Мінск выдаткавалі дастаткова сродкаў на празрыстыя скрыні і будуць імкнуцца, каб у буйных гарадскіх цэнтрах выбарчыя ўчасткі былі імі забяспечаны. У населеных пунктах сельскай мясцовасці, невялікіх гарадах такіх скрыь будзе нямнога, і ў гэтым, магчыма, няма патрэбы, таму што такое пытанне ўвогуле не ўзнімаецца сярод насельніцтва. Празрыстая скрыня з’яўляецца дастаткова дарагім прыстасаваннем і каштуе 1,5 мільёна рублёў. Калі ўлічыць, што такіх скрынь на кожным выбарчым участку павінна быць пяць, а агульная колькасць участкаў складае 6 тысяч 225, з іх 45 за мяжой, то можна ўявіць, якая вялікая сума набягае. Я лічу, што грошы лепш патраціць на заробак тым людзям, якія ўдзельнічаюць у выбарчых камісіях. Гэта будзе больш карысна.
Сёння за сучаснай тэхнікай цяжка ўгнацца. Ідзе, па сутнасці, сусветная інтэрнэтызацыя, і пакуль мы будзем аснашчаць выбарчы працэс празрыстымі скрынямі, з’явіцца электроннае галасаванне. І так можна да бясконцасці. Але, безумоўна, мы будзем імкнуцца не адставаць ад сучасных тэхналогій і па магчымасці іх выкарыстоўваць у выбарчай кампаніі.

Лідзія Міхайлаўна, на што трэба звярнуць увагу пры рабоце выбарчых камісій?
— Для тых, хто стане членам участковай выбарчай камісіі, вельмі важнай і адказнай работай, якую трэба зрабіць у першую чаргу, з’явіцца зверка спіса выбаршчыкаў. Таму я прасіла б вельмі ўважліва паставіцца да гэтага, таму што з году ў год паўтараюцца адны і тыя ж памылкі. Адны і тыя ж грамадзяне не ўключаюцца ў спісы выбаршчыкаў, што з’яўляецца для іх абразай. Душэўнай траўмай для блізкіх людзей з’яўляецца і той факт, што ў спіс з пастаяннай перыядычнасцю могуць уключацца асобы, якія даўно пакінулі гэты свет.
Спадзяюся, што не будуць забытымі і нашы маладыя грамадзяне, узрост якіх часта не адсочваецца адпаведнымі органамі і якіх могуць не ўключыць у спіс. У выніку для моладзі гэта можа быць балючым момантам, які паўплывае на далейшае жыццё і справакуе абыякавасць як выбаршчыка, так і грамадзяніна ўвогуле. Ніякія выхаваўчыя метады потым, магчыма, не змогуць узнавіць патрыятычныя пачуцці ў маладым чалавеку. Таму, каб гэтага не здарылася, неабходна з павагай паставіцца да фарміравання асобы маладога грамадзяніна.

— Як будзе арганізавана назіранне за ходам выбараў?
— У нашай краіне ў тэрытарыяльных выбарчых камісіях акрэдытавана 306 мясцовых назіральнікаў. Што тычыцца замежных назіральнікаў, то ў канцы жніўня пачне работу місія АБСЕ, дзе яна плануе прадставіць 40 доўгатэрміновых назіральнікаў, якія будуць працаваць ва ўсіх абласных цэнтрах і буйных гарадах, і 400 кароткатэрміновых, якія будуць працаваць у дні датэрміновага галасавання і ў дні выбараў. Такая ж місія будзе прадстаўлена Выканаўчым камітэтам СНД. У выніку плануецца, што на выбарах будзе прысутнічаць традыцыйна каля тысячы міжнародных і 35 тысяч нацыянальных назіральнікаў, па сутнасці, такая колькасць была ўласціва і для папярэдніх выбараў.
Як бачна, сёлетняя выбарчая кампанія будзе знаходзіцца пад асаблівай увагай міжнародных і нацыянальных назіральнікаў. Але я не сумняваюся, што члены нашых выбарчых камісій — гэта дастойныя грамадзяне, адказныя людзі — з гонарам справяцца з пастаўленай задачай, а выбарчая кампанія пройдзе на самым высокім узроўні, і ніводзін наш грамадзянін не застанецца абыякавым да гэтай гістарычнай падзеі. Хачу звярнуцца да нашых педагогаў, самых галоўных ідэолагаў. Вам даверана самае важнае — будучыня нашай краіны, якая звязана і з выбарамі, і з тымі, хто прыходзіць на іх. Таму я вельмі разлічваю на вашу падтрымку і веру ў тое, што вы, як заўсёды, не падведзяце.

Гутарку правяла Ала КЛЮЙКО.