Як выкарыстоўваць у патрыятычным выхаванні прыклад подзвігаў камуністаў, камсамольцаў і піянераў?

- 12:01Образование

Прыклад подзвігаў камуністаў, камсамольцаў, піянераў у гады Вялікай Айчыннай вайны па­ранейшаму з’яўляецца актуальным для патрыятычнага і грамадзянскага выхавання падрастаючага пакалення. Пра гэта гаварылі ўдзельнікі рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Роля Камуністычнай партыі Савецкага Саюза ў перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне”, якая праходзіла ў Мінску і Магілёве з удзелам вядомых вучоных, палітолагаў, гісторыкаў, дэпутатаў, настаўнікаў. Арганізатары — Акадэмія адукацыі, Цэнтральны ка­мітэт Камуністычнай партыі Беларусі і МДУ імя А.А.Куляшова, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Педагогі, якія прымалі ўдзел у дыскусіі, засяродзіліся на актуалізацыі метадаў і форм пазаўрочнай работы, а таксама падкрэслілі ролю музейнай педагогікі ў фарміраванні і развіцці гістарычнай памяці аб ролі Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, Камуністычнай партыі Беларусі ў перамозе савецкага народа над фашызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Кіраўнік музея “Подзвіг падпольшчыкаў і партызан Барысаўшчыны” сярэдняй школы № 18 Барысава Наталля Кондзік адзначыла, што дзей­насць школьнага музея стала адным з асноўных кампанентаў работы ўстановы адукацыі па грамадзянскім і пат­рыятычным выхаванні навучэнцаў.

“Музейная дзейнасць гарманічна ўпісваецца ў вялікі комплекс выхаваўчых мерапрыемстваў школы. Пат­рыятызм, грамадзянскасць і нацыянальная годнасць — гэта сацыяльныя якасці, якія неабходна фарміраваць. А школа як сацыяльны інстытут адыгрывае важную ролю ў працэсе станаўлення асобы”, — заўважыла Наталля Генадзьеўна.

Педагог лічыць, што тэма вайны складаная, бо сучасныя дзеці не заўсёды разумеюць храналагічны аспект аддаленасці або блізкасці ў часе перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

“І музейная педагогіка заклікана выправіць скажэнні ва ўспрыманні інфармацыі дзецьмі. У экспазіцыі нашага музея 853 экспанаты. Гэта фатаграфіі партызан і падпольшчыкаў, пісьмы ваеннага часу, зброя, сабраная на месцах баёў, аўсвайс, лістоўка 1943 года, чамадан, знойдзены ў зямлянцы з рэчамі 40-х гадоў, швейная машынка 1912 года выпуску і многае іншае. Каб увесь назапашаны матэрыял працаваў на выхаванне ў дзяцей патрыя­тызму і грамадзянскасці, неабходна якасна адбіраць тую інфармацыю, якая ў першую чаргу будзе даступнай і зразумелай канкрэтнай музейнай аўдыторыі. Таму ўлік узроставых асаблівасцей наведвальнікаў музея павінен быць у полі зроку кожнага музейнага педагога”, — працягвала настаўніца.

Акрамя таго, Наталля Генадзьеўна звярнула ўвагу, што асабліва дзейс­ным фактарам з’яўляецца паказ гераізму на вайне аднагодкаў сучаснай моладзі.

“У такія моманты словы “Радзіма”, “патрыятызм”, “абавязак”, “адданасць” напаўняюцца найбольш глыбокім зместам для аўдыторыі навучэнцаў. Уражваюць школьнікаў радкі з пісьма на волю схопленай фашыстамі лабаранткі інфекцыйнай бальніцы Марыі Комар: “Мая мама, дарагая! Бралі мяне на допыт чатыры разы. Невыносна цяжкія здзекі. Але, паміраючы, я ганаруся сваёй Радзімай і нашым народам, які яе гераічна абараняе. Вораг будзе разбіты!” З хваляваннем навучэнцы слухаюць апавяданні пра подзвігі нашых маладых суайчыннікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, уважліва разглядаюць экспанаты, праяўляюць жывую цікавасць да гераічнай старонкі гісторыі ардэнаноснага горада Барысава, пранікаюцца пачуццём гордасці за стойкасць і мужнасць барысаўчан”, — адзначыла Наталля Кондзік.

***

Настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы Аляксандр Пясецкі раскрыў зместавы і метадычны аспекты вывучэння подзвігу камсамольцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

“Характэрным праяўленнем пат­рыятызму савецкай моладзі ў ваенныя гады быў масавы гераізм. Воіны-камсамольцы здзяйснялі подзвігі пры абароне Брэсцкай крэпасці, Мінска, Севастопаля, у бітвах пад Смаленскам, Масквой, Сталінградам. Абаронца Севастопаля Аляксей Калюжны перад смерцю пакінуў запіску: “Я, сын Ленінскага камсамола, яго выхаванец, біўся так, як падказвала мне сэрца… Я паміраю, але ведаю, што мы пераможам”. Добра вядомы подзвіг камсамольца Аляксандра Матросава. Ён закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота, што вырашыла вынік бою цэлага батальёна. Снайпер Феадосій Смалячкоў, які знішчыў 125 нямецкіх салдат, уступаючы ў камсамол, пісаў: “З камсамольскім білетам на грудзях буду яшчэ мацней біць фашыстаў. Усе сілы і жыццё гатовы аддаць за Радзіму”, — падзяліўся ўражаннямі Аляксандр Валер’евіч.

Педагог адзначыў, што вывучэнне подзвігу камсамольцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны мае вялікі выхаваў­чы патэнцыял. Гэтаму пытанню ўдзяляецца вялікая ўвага на ўроках гісторыі Беларусі, факультатыўных занятках “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)”, у пазакласнай рабоце.

Па меркаванні настаўніка, на ўроках гісторыі Беларусі пра подзвіг камсамольцаў трэба гаварыць пры вывучэнні наступных тэм:

“Разгортванне народнай барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў”;

“Вызваленне БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Уклад беларускага народа ў перамогу над нацысцкай Германіяй. Удзел БССР у заснаванні ААН”;

“Наш край у 1917 г. — пачатку ХХІ стагоддзя”.

На факультатыўных занятках “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)” дзейнасць камсамола ў гады Вялікай Айчыннай вайны разглядаецца пры вывучэнні наступных тэм:

“Пачатак Вялікай Айчыннай вайны”;

“Падпольная барацьба”;

“Формы і метады барацьбы падпольшчыкаў”;

“Баявая, дыверсійная і агітацыйна-прапагандысцкая дзейнасць партызан і падпольшчыкаў”.

“Вучэбна-метадычны комплекс “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)” дазваляе арганізаваць на факультатыўных занятках работу з гістарычнымі крыніцамі. Напрыклад, вывучэнне дакладной запіскі сакратара ЦК ЛКСМБ М.В.Зімяніна ў ЦК КП(б)Б аб рабоце ЦК ЛКСМБ ад 23 ліпеня 1941 года дазваляе паказаць ролю ЛКСМБ у арганізацыі барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пры рабоце з дакументам мэта­згодна акцэнтаваць увагу навучэнцаў на тым, што камсамол Беларусі праводзіў вялікую работу па мабілізацыі моладзі на ўзброены адпор ворагу, стварэнні баявога камсамольскага падполля ў тыле праціўніка. Навучэнцы даведваюцца, што тысячы камсамольцаў Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай арганізацый добраахвотна засталіся ў падполлі і вялі партызанскую вайну. Толькі ў адным Гомелі 400 камсамольцаў засталіся для барацьбы ў тыле праціўніка”, — падзяліўся настаўнік.

У сярэдняй школе № 2 Свіслачы з 2019 года рэалізуецца праект “Партызанскі і падпольны рух у Свіслацкім краі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Праектна-даследчая дзейнасць вучняў і педагогаў дазволіла ўстанавіць імёны 19 камсамольцаў — ураджэнцаў Свіслаччыны, удзельнікаў партызанскага і падпольнага рухаў. Акрамя таго, сабраны архіўныя дакументы: баявыя характарыстыкі, узнагародныя лісты партызан і падпольшчыкаў, справаздачы аб баявой і палітычнай дзейнасці партызанскіх атрадаў. Безумоўна, усё гэта актыўна выкарыстоўваецца ў вучэбнай і выхаваўчай дзейнасці з мэтай грамадзянска-пат­рыятычнага выхавання маладога пакалення беларусаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі