Запрашэнне для АБСЕ і Савета Еўропы назіраць за выбарамі — добры сігнал

- 11:53Выбары 2015

Запрашэнне беларускага боку для АБСЕ і Савета Еўропы назіраць за выбарамі Прэзідэнта Беларусі — гэта добры сігнал, заявіў намеснік старшыні Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ) Кент Харстэд на сустрэчы з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктарам Гумінскім.

Харстэд выказаў удзячнасць беларускаму боку за запрашэнне прыняць удзел у назіранні за выбарамі. “Вельмі добры сігнал, што вы запрасілі нас і Савет Еўропы, прадстаўнікі якога будуць назіраць за выбарамі першы раз за многія гады”, — адзначыў ён. Прадстаўнік ПА АБСЕ пазітыўна выказаўся і аб тым факце, што місія АБСЕ запрошана менавіта ў той колькасці, у якой неабходна. У тым ліку як мінімум 40 парламентарыяў розных краін прымуць удзел у гэтым маніторынгу.
Кент Харстэд дадаў, што ўжо наладжана кааперацыя на пэўным узроўні, што спросціць работу кароткатэрміновых наглядальнікаў. Пры гэтым ён адзначыў, што яшчэ рана рабіць нейкія высновы. Ацэнкі будуць дадзены пасля выбараў.
Як паведамлялася, у Беларусі ўжо працуе доўгатэрміновая місія БДІПЧ АБСЕ, якую ўзначальвае Жак Фор. У гэтую місію ўваходзіць больш як 40 чалавек. У кароткатэрміновую групу плануецца ўключыць каля 400 наглядальнікаў.