Зарэгістраваны чатыры кандыдаты на пасаду Прэзідэнта

- 10:32Выбары 2015

Цэнтрвыбаркам Беларусі 10 верасня на пасяджэнні прыняў рашэнне аб рэгістрацыі чатырох кандыдатаў у прэзідэнты.

Удзел у выбарчай кампаніі прадаўжаюць Сяргей Гайдукевіч, Таццяна Караткевіч, Аляксандр Лукашэнка і Мікалай Улаховіч. Такое рашэнне ЦВК прыняла ў сувязі з тым, што ініцыятыўныя групы гэтых кандыдатаў змаглі сабраць больш за 100 тыс. сапраўдных подпісаў, кандыдаты прадставілі карэктныя дэкларацыі аб даходах і маёмасці (свае і паўналетніх членаў сям’і, якія жывуць разам з імі) або дэкларацыі з нязначнымі памылкамі, а іх біяграфіі адпавядаюць рэчаіснасці.
Яшчэ дваім прэтэндэнтам на вышэйшую дзяржаўную пасаду ў рэгістрацыі адмоўлена. Камплекты дакументаў для разгляду ў ЦВК раней падалі Віктар Цярэшчанка і Жанна Раманоўская. Адмова ў рэгістрацыі аргументавана тым, што пераважная большасць подпісаў, прадстаўленых у тэрытарыяльныя камісіі ініцыятыінымі групамі Віктара Цярэшчанкі, па выніках праверак прызнаны несапраўднымі. У прыватнасці, у Брэсцкай вобласці было выяўлена нямала подпісаў з “мінскімі” серыямі пашпартоў. У некаторых выпадках названа няправільнае месца рэгістрацыі выбаршчыка. У Гомельскай вобласці былі зафіксаваны факты збору подпісаў людзей, якія не пражываюць у раёне, названым у падпісных лістах. Таксама там выяўлены фіктыўныя подпісы.
Прыклады няякаснага збору подпісаў за Цярэшчанку ёсць у Гродзенскай вобласці. Там былі і подпісы ад імя памерлых людзей. Выяўлены і такія факты, калі людзі на самай справе ніякіх подпісаў не ставілі. У некаторых выпадках былі названы даныя пашпартоў, якія не выдаваліся, гэта значыць такіх дакументаў у рэальнасці не існуе. У Магілёўскай вобласці экспертыза некаторых лістоў за вылучэнне Цярэшчанкі паказала, што яны падроблены з дапамогай каляровага лазернага друку.
У Мінску ў многіх выпадках подпісы за вылучэнне Цярэшчанкі былі забракаваны з-за таго, што даныя грамадзян, пазначаныя ў лістах, не супадалі з інфармацыйнай базай МУС. Акрамя гэтага, у сталіцы, як і ў Гродзенскай вобласці, былі здадзены і подпісы “мёртвых душ”. У Мінску і па краіне за Цярэшчанку здадзены лісты, якія сведчаць, што быццам бы за адзін дзень некаторыя ўдзельнікі каманды змаглі сабраць столькі подпісаў, колькі проста тэхнічна немагчыма сабраць за суткі. І гэта далёка не поўны спіс недахопаў і парушэнняў, якія выяўлены пры праверцы падпісных лістоў, здадзеных камандай Віктара Цярэшчанкі.
Ініцыятыўныя групы Жанны Раманоўскай першапачаткова не змаглі сабраць неабходнай колькасці подпісаў. Як вынік, абодва гэтыя патэнцыяльныя кандыдаты не маглі прайсці рэгістрацыю Цэнтрвыбаркама і прыняць удзел у наступным этапе прэзідэнцкай кампаніі – перадвыбарнай агітацыі.
Акрамя таго, былі зарэгістраваны 30 давераных асоб Аляксандра Лукашэнкі і яго фінансавы прадстаўнік. Таксама ЦВК зарэгістравала па 28 давераных асоб Таццяны Караткевіч і Сяргея Гайдукевіча. Пры гэтым у камандзе Гайдукевіча з’явіўся і афіцыйны фінпрадстаўнік. Штаб Караткевіч пакуль не падаў дакументы на рэгістрацыю свайго фінансавага прадстаўніка. Пры гэтым усе каманды яшчэ маюць права папрасіць ЦВК зарэгістраваць давераных асоб і фінпрадстаўнікоў. Як растлумачыла Лідзія Ярмошына, гранічная колькасць давераных асоб – 30. Прычым кандыдаты маюць права рабіць замены.
З 11 верасня ў краіне пачаўся перыяд перадвыбарнай агітацыі.
Беларускае заканадаўства забараняе агітацыю, накіраваную на байкот або зрыў выбараў – агітаваць можна за ўдзел у выбарах або канкрэтных кандыдатаў. Агітацыя, накіраваная на байкот, з’яўляецца незаконнай і можа карацца адміністрацыйнай адказнасцю.
Для таго, каб звярнуцца да выбаршчыкаў, кожны кандыдат мае права на два бясплатныя выступленні ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” і на два бясплатныя выступленні ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Працягласць аднаго выступлення не можа перавышаць 30 мінут.
Як стала вядома па выніках жараб’ёўкі, Сяргей Гайдукевіч выступіць на тэлебачанні 15 верасня і 25 верасня; на радыё – 23 верасня (6.10 – 6.40) і 30 верасня (6.10 – 6.40). Таццяна Караткевіч выступіць на тэлебачанні 17 верасня і 24 верасня; на радыё – 25 верасня (6.10 – 6.40) і 2 кастрычніка (6.40 – 7.10). Аляксандр Лукашэнка атрымаў час для выступлення на тэлебачанні 16 верасня і 23 верасня; на радыё – 23 верасня (6.40 – 7.10) і 30 верасня (6.40 – 7.10). Мікалай Улаховіч выступіць на тэлебачанні 18 верасня і 22 верасня; на радыё яму будзе выдзелены час 25 верасня (6.40 – 7.10) і 2 кастрычніка (6.10 – 6.40).
Тэледэбаты пройдуць на тэлеканале “Беларусь 1” 3 кастрычніка, пачатак – у 17.00. Для гэтага адводзіцца 60 мінут эфірнага часу. Кандыдат, які жадае ўдзельнічаць у тэледэбатах, не пазней як 18 верасня павінен падаць у Белтэлерадыёкампанію пісьмовую заяву. Пры гэтым можна ўпаўнаважыць для ўдзелу ў тэледэбатах давераную асобу.
Акрамя таго, кандыдаты маюць права бясплатна апублікаваць сваю перадвыбарную праграму ў асобных беларускіх газетах. Пры апублікаванні перадвыбарных праграм захоўваецца чарговасць іх паступлення, якая вызначаецца на падставе асобнай рэгістрацыі ў рэдакцыях газет з пазначэннем даты і часу паступлення перадвыбарных праграм.
У сталіцы і рэгіёнах Беларусі дазволена праводзіць масавыя мерапрыемствы для ажыццяўлення перадвыбарнай агітацыі. Напрыклад, на тэрыторыі Мінска такія мерапрыемствы можна праводзіць у любых прыдатных для гэтых мэт месцах, за выключэннем аб’ектаў метрапалітэна, чыгуначнага і паветранага транспарту, падземных пешаходных пераходаў, мастоў і пуцеправодаў, праезнай часткі аўтамабільных дарог; Кастрычніцкай плошчы, плошчы Незалежнасці, плошчы Перамогі, плошчы Дзяржаўнага сцяга, Прывакзальнай плошчы, плошчы Якуба Коласа; размешчаных на адлегласці менш як 200 м ад будынкаў рэзідэнцый Прэзідэнта, Нацыянальнага сходу, Савета Міністраў; размешчаных на адлегласці менш як 50 м ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць і бяспеку дзяржавы, дзіцячых дашкольных устаноў.
Выбары Прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка. Цяпер за ходам выбарчай кампаніі назіраюць доўгатэрміновыя місіі БДІПЧ АБСЕ і СНД. У дзень выбараў прыбудуць кароткатэрміновыя наглядальнікі. У тым ліку чакаецца, што да ўдзелу ў маніторынгу далучацца прадстаўнікі ПАСЕ. Таксама Цэнтрвыбаркам накіраваў запрашэнні непасрэдна ў ЦВК іншых дзяржаў.