Прымаць тых, хто побач

- 13:00Інклюзія

У беларускіх школах прайшла фотавыстава “Проста дзеці ў школе”, якая расказвае пра школьныя будні дзяцей з інваліднасцю з розных гарадоў краіны. Экспазіцыя паказвае, што ўсе дзеці могуць вучыцца разам, незалежна ад наяўнасці ў іх інваліднасці, пашырае ўяўленні звычайных школьнікаў аб аднагодках з абмежаванымі магчымасцямі, фарміруе талерантнае стаўленне да “не такіх, як усе”.

Фота ЮНІСЕФ у Беларусі.

Фотапраект расказвае пра поспехі шасці школьнікаў з інваліднасцю з розных гарадоў Беларусі, іх сяброў-аднакласнікаў, бацькоў і настаўнікаў. Гэтыя дзеці вучацца ў звычайных школах, сябруюць з аднагодкамі, ма­раць аб будучай прафесіі і адчуваюць, што іх разумеюць і прымаюць. Хтосьці з іх прыходзіць у школу самастойна, камусьці патрэбна суправаджэнне, хадункі або інвалідная каляска. Але ўсе яны паспяхова вучацца. Школы афармлялі фотавыставу ў свабодным фармаце: на інфармацыйных стэндах, мальбертах, у класах. І дапаўнялі яе фотапартрэтамі і творчымі работамі сваіх вучняў з АПФР, каб пра іх жыццё, поспехі і захапленні даведаліся аднакласнікі.

Знаёмімся з героямі выставы. Машы 9 гадоў. Мальберт, пэндзлі і фарбы — яе любімы спосаб зносін са светам. У дзяўчынкі сіндром Даўна. Вучыцца яна ў сярэдняй школе № 24 Мінска. Абаяльны Платон (9 гадоў) наведвае сярэднюю школу № 32 Гомеля. Ён можа падоўгу займацца адной справай і выдатна разбіраецца ў сучасных гаджэтах. У Платона сіндром Аспергера. У вольны час ён любіць перачытваць кнігу “Разумны сабачка Соня” Андрэя Усачова. Ангеліна (10 гадоў) займаецца ў сярэдняй школе № 9 Магілёва. З дзяцін­ства яна дрэнна чуе. Разумець навакольных і ўзаемадзейнічаць са светам ёй дапамагаюць два слыхавыя апараты. Яна любіць ляпіць з пластыліну, танцаваць, выступаць разам з калектывам жэставых спеваў. Сямён (13 гадоў) выдатна запамінае вершы і прыгожа спявае. У хлопчыка расстройства аўтыстычнага спектра. Ён вучыцца ў сярэдняй школе № 13 Баранавіч. Сямён з радасцю ўзяў на сябе ролю экскурсавода ў школьным музеі. На ўроках працоўнага навучання яму падабаецца ствараць вырабы з дрэва, працаваць лобзікам. Баць­кі падарылі сыну гітару і не прапускаюць ніводнага яго выступлення. Ва ўсмешлівай Хрысціны (11 гадоў) дзіцячы цэрэбральны параліч. Яна наведвае сярэднюю школу № 40 Віцебска. Дзяўчынка шмат чытае, ведае на памяць казку “Айбаліт” К.Чукоўскага і марыць стаць урачом. Яе мама працуе памочнікам выхавальніка і дапамагае дачцэ перамяшчацца па школе. Пасля ўрокаў яны разам едуць у басейн або на развіццёвыя заняткі. Часам Ягору (11 гадоў) — яшчэ аднаму герою выставы —  патрэбна падтрымка дарослага або аднакласніка, каб прайсці па доўгім калідоры. У вольны час хлопчык любіць гуляць у камп’ютарныя гульні. Любімы прадмет у школе — літаратура.

Падчас выставы ў многіх школах прайшлі інфармацыйныя гадзіны на тэму інклюзіі. Дзеці пазнаёміліся з паняццямі “інклюзія”, “інвалід­насць”, з этыкай зносін з людзьмі з інваліднасцю, даведаліся, як стварыць дружалюбнае асяроддзе ў школе, абмеркавалі паспяховых людзей з абмежаваннямі і перспектывы свайго ўдзелу ў вырашэнні іх праблем. Выстава “Проста дзеці ў школе” з поспехам прайшла і ў сярэдняй школе № 1 Копішча Мінскага раёна.

— Практычна з першых хвілін з’яўлення фотаздымкаў у холе школы дзеці праявілі непадробленую цікавасць да іх. Праект у мяккім, пазітыўным ключы далучае да абмеркавання інклюзіі — важнай і разам з тым складанай тэмы. Гэта добрая магчымасць паказаць свет у яго разнастайнасці і звярнуць увагу на тое, як важна прымаць тых, хто побач з табой, — розных і ўнікальных, — дзеліцца ўражаннямі Эмілія Пратасевіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце названай школы.

— У нашай установе вучацца 2118 дзяцей, з іх 89 з АПФР, а таксама 20 дзяцей з інваліднасцю, — адзначыла Алена Сацукевіч, педагог-псіхолаг школы. — Дзеці з асаблівасцямі практычна нічым не вылучаюцца сярод аднагодкаў. Адно дзіця можа мець слыхавы апарат, другое — насіць акуляры, а трэцяе — хварэць на цукровы дыябет. Наведаўшы выставу “Проста дзеці ў школе”, вучні атрымаюць новую для сябе інфармацыю, а хтосьці, магчыма, у фотагісторыях знойдзе падабенства са сваёй жыццёвай сітуацыяй.

Фотапраект прайшоў у межах інфармацыйнай кампаніі “Проста дзеці ў школе” (prostodeti.by), якая рэалізуецца Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ), Міністэрствам адукацыі Беларусі пры фінансавай падтрымцы ўрада Расійскай Федэрацыі.

Надзея ЦЕРАХАВА.