Дуэт педагогаў са Шчучына — пра шлях у прафесію, асабістыя прыклады настаўніцтва і вучнёўскія поспехі

- 15:05Учительский дуэт

На дваіх у іх больш за 50 гадоў стажу, трое сыноў і сотні агульных вучняў. Дуэт педагогаў са Шчучына Аляксандр і Анжэла Шыша расказалі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” пра шлях у прафесію, асабістыя прыклады настаўніцтва і вучнёўскія поспехі. 

У сярэдняй школе № 3 Шчучына ў старшакласнікаў два прадметы вядуць настаўнікі з аднолькавым проз­вішчам. На ўрокі хіміі яны спяшаюцца да Анжэлы Георгіеўны, а на фізкультуру — да Аляксандра Аляксеевіча Шышы. Нярэдка педагогі раяць адно аднаму, на каго з вучняў звярнуць асаблівую ўвагу, каб раз­віць яго патэнцыял. Акрамя прозвішча і жыццёвага шляху, аб’ядноўвае іх яшчэ і аднолькавае бачанне прафесіі і значнасці педагога ў жыцці дзяцей.

Кіруючыся прыкладам

— Асаблівае стаўленне да настаўнікаў адчуваю з ранняга дзяцінства, — гаво­рыць Анжэла Шыша. — Усё жыццё прысвяціла гэтай прафесіі мая мама — настаўніца пачатковых класаў Любоў Уладзіміраўна Буян. Я нярэдка праводзіла час разам з ёй, гартаючы вучнёўскія сшыткі, і ў гэтыя моманты, напэўна, асабліва выразна разумела, што пытанне выбару прафесіі для мяне вырашана.

Пасля заканчэння Астрынскай сярэдняй школы на Шчучыншчыне яна паступіла на біяфак у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Праз гады вучобы вярнулася на малую радзіму ўжо як малады педагог.

— Мне давялося рабіць першыя крокі ў прафесіі ў роднай Першамайскай школе, — падключаецца да размовы Аляксандр Аляксеевіч. — Ля вытокаў гэтага шляху, зразумела, была любоў да спорту. З вялікай падзякай і сёння прыгадваю свайго настаўніка фізкультуры Віктара Андрэевіча Карповіча. У значнай ступені педагогіку я выбраў, кіруючыся яго прыкладам.

Вяртаючыся да Анжэлы Георгіеўны, важна адзначыць, што яна і зараз нярэдка раіцца з адным з найважнейшых у сваім жыцці педагогаў — маці.

— Настаўнік — слова шматграннае. І маці свайго мужа Агрыпіну Міхайлаўну таксама лічу сваім настаўнікам. Яна выгадавала выдатнага сына і ў пытаннях выхавання нашых дзяцей заўсёды гатова даць добрую параду, — акцэнтуе суразмоўніца.

Падстава для гордасці

Дарэчы, пра кожнага з траіх сыноў баць­кі гавораць з гордасцю. Старэйшы нясе службу ў адной з воінскіх часцей, сярэдні сёлета з чырвоным дыпломам скончыў хімфак галоўнага сталічнага ўніверсітэта, а малодшы — першакурснік БДУ — пачаў лета з работы ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зуб­раня”.

— Усё ў нашым жыцці кругом і навокал педагогікі. Нават дата вяселля блізкая да Дня настаўніка. У гэтым годзе 15 кастрычніка адзначым 25 гадоў сумеснага жыцця. Дарэчы, знаёмствам мы абавязаны калезе-педагогу Аксане Лебядзевіч, якая сёння працуе ў Гродне, — з усмешкай дадае Анжэла Шыша.

Першым агульным месцам працы амаль адразу пасля вяселля для іх стала Ражанкаўская сярэдняя школа. І ўжо больш за дзясятак гадоў спяшаюцца на работу Аляксандр і Анжэла Шыша па адным адрасе — ужо ў райцэнтры.

— Калі сыны вучыліся ў малодшых класах, у школу хадзілі ўсёй сям’ёй — упяцярых. Але ніхто з іх не стаў яе выпускніком. Так здарылася, што патрэбныя ім профілі былі ў іншых установах. А сярэдні і зусім паставіў у свой час перад фактам: “Паступаю ў сталічны абласны ліцэй”. Сказаў — і зрабіў, — успамінае Аляксандр Аляксеевіч.

Алімпіядныя вышыні

З задавальненнем расказваюць педагогі і пра сваіх вучняў. У мінулым годзе, напрыклад, адна з зорачак Анжэлы Георгіеўны здала ЦТ па хіміі на 100 балаў.

— Што цікава, калі ў 5 класе яе клас узяў Аляксандр Аляксеевіч, ён вельмі хутка заўважыў і сказаў мне, што ёсць дзяўчынка, якая абавязкова будзе паспяховай у хіміі. Як ён гэта зразумеў? Яна выдатна спраўлялася з шахматамі і шашкамі — гульнямі, у аснове якіх разлік і лагічнае мысленне. Так і адбылося. Сёння Ксенія Палубятка ўжо студэнтка хімфака, — расказвае Анжэла Шыша.

Пяты год субяседніца з’яўляецца настаўнікам-трэнерам раённай школы “Інтэлект”, якая аб’ядноўвае накіраваных на атрыманне алімпіяднага ўзроўню ведаў дзяцей з усіх устаноў адукацыі раёна.

Удзельнікам алімпіяды па хіміі ў свой час быў і сярэдні сын педагагічнага дуэта — станавіўся другім на вобласці.

У пастаянным пошуку новага

Усё ў жыцці педагогаў са Шчучына звязана са школай. Запрашаючы ў кабінет хіміі, Анжэла Георгіеўна, напрыклад, раз-пораз пералічвае, што ў ім зроблена і адрамантавана рукамі мужа. А Аляксандр Аляксеевіч тым часам з усмешкай дадае: “Хіба можна тут адмовіць?”

— У 2019 годзе здала на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. У тым жа го­дзе павысіў планку, калі можна так сказаць, і наш кабінет хіміі. Па праграме Міністэрства адукацыі ён быў поўнасцю абноўлены. На сённяшні дзень у мяне ёсць усе інструменты, уключаючы мультыборд, для пабудовы дынамічнага і разнапланавага ўрока, — падкрэслівае настаўніца хіміі.

Не першы год яна вядзе блог з падборкай заданняў і тэматычным кантролем для кожнага класа, з рэкамендацыямі для дзяцей, практычнымі і лабараторнымі відэадоследамі. Актыўна ўдзельнічае педагог і ў разнастайных конкурсах і ініцыятывах для настаўнікаў хіміі. Гэта, напрыклад, міжнародны дыстанцыйны адукацыйны марафон “Купалаўскія праекты” пры ГрДУ імя Янкі Купалы, накіраваны на навучанне нас­таўнікаў тэхналогіям стварэння вучэбных і пазавучэбных сеткавых праектаў.

Падчас аднаго з такіх марафонаў Ан­жэ­­ла Георгіеўна разам з настаўнікам інфарматыкі шчучынскай сярэдняй школы № 3 Святланай Калеснік распрацавалі вэб-квест “Хімічныя выпрабаванні. Практычнае мастацтва”. Для школьнікаў праходжанне такога квеста сёлета стала адным з этапаў раённай аграгіяды — інтлектуальнага спаборніцтва сярод навучэнцаў аграрных класаў.

На сваім месцы

Ёсць свае зорачкі і сярод вучняў Аляксандра Аляксеевіча. Сёлета яго выпускнік Арцём Кандратовіч стаў трэцім на раённым этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі. Малады чалавек настроены на атрыманне адукацыі на факультэце фізічнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы. Зрэшты, у мінулым навучальным годзе ў ліку студэнтаў тут былі адразу чатыры выпускнікі педагога. Для аднаго з іх гэтае лета стане часам пачатку прафесійнага шляху ў адной са школ Зэльвенскага раёна.

— Кожная ўстанова адукацыі ў нашым раёне мае пэўную накіраванасць, наша пазіцыянуе сябе як школа педагагічнай культуры. Вядома, у першую чаргу размова ідзе аб педкласах. Прыемна ўсведамляць, што некаторыя з нашых выпускнікоў прафесію педагога не першы год выбіраюць не без майго ўдзелу,— прызнаецца Аляксандр Аляксеевіч.

Ён упэўнены, што ў школе не бывае важных і няважных урокаў. І дадае, што менавіта фізічная культура — адзін з галоўных: 

— Толькі гэты прадмет, акрамя ведаў, дае вучню здароўе.

Педагогу ж у сваю чаргу настаўніцтва дае не менш важны для кожнага чалавека момант — адчуванне сябе на сваім месцы. І ў гэтым Анжэла Георгіеўна цалкам салідарная з мужам.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара